Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - LA  - LV  - PL  - PT  - SL  - ZH_CN  - ZH_TW ]

АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ

GAUDETE ET EXSULTATE

Святога Айца

Францішка

ПРА ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАСЦІ
Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

[pdf]

1. «Радуйцеся і весяліцеся» (Мц 5, 12), — кажа Езус тым, каго пераследуюць ці прыніжаюць з­за Яго. Пан патрабуе ад нас усяго, а прапануе сапраўднае жыццё, шчасце, дзеля якога мы былі створаныя. Хоча, каб мы былі святымі, і не чакае, што мы задаволімся звычайным, шэрым і пустым жыццём. Сапраўды, пакліканне да святасці розным чынам прадстаўлена ў Бібліі, ужо на першых старонках. Пан так прапанаваў яго Абрагаму: «Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны» (Быц 17, 1).

2. Вы не знойдзеце тут трактату пра святасць са шматлікімі азначэннямі i характарыстыкамі, якія маглі б узбагаціць гэтую важную тэму, ці аналіз шляхоў асвячэння. Мая сціплая мэта заключаецца ў тым, каб у чарговы раз прадставіць пакліканне да святасці, спрабуючы змясціць яго ў сучасным кантэксце, з яго небяспекамі, выклікамі і магчымасцямі. Сапраўды, Пан выбраў кожнага з нас, «каб мы былі святымі і безза­ганнымі перад Ім» (Эф 1, 4).

 

Раздзел I

ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАСЦІ

Святыя, якія нас падтрымліваюць і спадарожнічаюць нам

3. У Пасланні да Габрэяў згадваюцца розныя сведчанні, якія заахвочваюць нас «цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні» (12, 1). Ідзе там гаворка пра Абрагама, Сару, Майсея, Гедэона і пра іншых (пар. 11, 1 – 12, 3). Асабліва прапануецца нам прызнаць, што мы маем «вакол сябе безліч сведкаў» (12, 1), якія падтрымліваюць нас, каб мы не спыняліся ў дарозе, і якія заахвочваюць нас працягваць ісці да мэты. Сярод іх можа быць нашая маці, бабуля ці іншыя блізкія нам людзі (пар. 2 Цім 1, 5). Магчыма, іхняе жыццё не заў­сёды было ідэальным, але, нягледзячы на недаскана­ласць і падзенні, яны ішлі наперад і падабаліся Пану.

4. Святыя, якія ўжо знаходзяцца перад Богам, падтрымліваюць з намі повязі любові і еднасці. Сведчыць пра гэта кніга Апакаліпсіса, калі кажа пра заступніцтва мучанікаў: «Я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі. Яны ўсклікнулі гучным голасам, кажучы: „Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць?”» (6, 9­10). Можна сказаць, што «спадарожнічаюць нам прыяцелі Бога, яны атачаюць нас і вядуць [...]. Я не павінен сам насіць тое, што на самай справе я ніколі не змог бы насіць сам. Грамада Божых святых абараняе мяне, падтрымлівае і вядзе»[1].

5. Падчас працэсаў беатыфікацыі і кананізацыі берэцца пад увагу гераізм у практыкаванні цнотаў, ахвяраванне жыцця праз мучаніцтва, а таксама выпадкі ахвяравання, аж да смерці, свайго жыцця дзеля іншых. Гэтае ахвяраванне сябе з’яўляецца ўзорам наследавання Хрыста і годны захаплення з боку вернікаў[2]. Успомнім, да прыкладу, бл. Марыю Габрыэлу Сагеду, якая аддала сваё жыццё за адзінства хрысціянаў.

Святыя па суседству

6. Мы не маем на ўвазе тых, хто ўжо беатыфікаваны ці кананізаваны. Дух Святы разлівае святасць паўсюль у святым і верным Божым народзе, бо спадабалася Богу «асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтва­рыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму»[3]. У гісторыі збаўлення Пан збавіў народ. Таму не існуе поўнай тоеснасці без прыналежнасці да народу. Вось чаму ніхто не збаўляецца ў адзіночку, як ізаляваны індывід, але Бог прыцягвае нас, улічваючы складаную сетку міжчалавечых адносін, якія ўсталёўваюцца ў грамадстве: Бог захацеў увайсці ў жыццё і гісторыю народа.

7. Я люблю глядзець на святасць у цярплівым Божым народзе: на тых бацькоў, якія з вялікай любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей, на мужчын і жанчын, якія працуюць, каб зарабіць на хлеб, на хворых, на састарэлых законніц, якія працягваюць усміхацца. У гэтай вытрываласці, каб ісці наперад, дзень за днём, я бачу святасць ваяўнічага Касцёла. Часта гэта святасць «па суседству» — святасць асобаў, якія жывуць побач з намі і з’яўляюцца адлюстраваннем прысутнасці Бога, або, выкарыстоўваючы іншы тэрмін, гэта «сярэдні клас святасці»[4].

8. Давайце заахвоцімся знакамі святасці, якія прапануе нам Пан праз самых пакорных членаў гэтага народу, які «ўдзельнічае таксама ў прароцкім служэнні Хрыста, пашыраючы жывое сведчанне пра Яго, асабліва жыццём веры і любові»[5]. Пастараемся ўбачыць, як прапануе нам св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа, што многія з іх ствараюць рэальную гісторыю: «У самай цёмнай ночы ўзнікаюць найбольшыя прарокі і святыя. Але жыватворчы паток містычнага жыцця застаецца нябачным. Несумненна, вырашальны ўплыў на паваротныя моманты ў сусветнай гісторыі аказалі душы, пра якіх ніводная кніга па гісторыі не згадвае. А тое, якім душам мы абавязаны дзякаваць за важныя моманты нашага асабістага жыцця, мы пазнаем толькі ў дзень, калі ўсё ўтоенае адкрыецца»[6].

9. Святасць — гэта найпрыгажэйшае аблічча Касцёла. Але нават па­за Каталіцкім Касцёлам і ў самых розных асяроддзях, Дух дае «знакі сваёй прысутнасці, якія дапамагаюць самім вучням Хрыста»[7]. З іншага боку, св. Ян Павел II нагадаў нам, што «сведчанне аб Хрысце аж да праліцця крыві стала агульным здабыткам не толькі католікоў, але праваслаўных, англіканаў і пратэстантаў»[8]. Падчас прыгожага экуменічнага набажэнства, якое пажадаў правесці ў Калізеі ў Юбілейным 2000 годзе, ён сказаў, што мучанікі з’яўляюцца «спадчынай, якая прамаўляе моцней за падзелы»[9].

Пан кліча

10. Усё гэта важна. Тым не менш, у гэтай адгартацыі я асабліва хацеў бы нагадаць пра пакліканне да святасці, з якім Пан звяртаецца да кожнага з нас, пра той заклік, з якім Ён звяртаецца таксама да цябе: «Будзьце святымі, таму што Я святы» (Лев 11, 44; 1 П 1, 16). Другі Ватыканскі Сабор выразна падкрэсліў: «Усе вернікі, узброеныя столькімі дзейснымі сродкамі збаўлення, незалежна ад становішча і жыццёвых сітуацый, пакліканы Панам, кожны на сваім шляху, да дасканалай святасці, як дасканалы і сам Айцец»[10].

11. «Кожны на сваім шляху», — кажа Сабор. Таму нельга падаць духам, захапляючыся прыкладамі свя­тасці, якія здаюцца недасягальнымі. Ёсць сведчанні, якія здольныя заахвоціць нас і матываваць, але не таму, што мы спрабуем капіраваць іх, бо гэта можа нават аддаліць нас ад унікальнага і адмысловага шляху, які хоча прапанаваць нам Пан. Важна, каб кожны вернік убачыў свой уласны шлях і даў тое, што ў ім найлепшае, што з’яўляецца найбольш асабістым з таго, чым адарыў яго Пан (пар. 1 Кар 12, 7), і не марнаваў сілы, спрабуючы наследаваць тое, што не было для яго прызначана. Мы ўсе пакліканы быць сведкамі, але ёсць шмат экзістэнцыйных формаў сведчання[11]. Сапраўды, калі вялікі містык св. Ян ад Крыжа пісаў сваю «Духоўную песню», ён імкнуўся пазбягаць устаноўленых для ўсіх правілаў і тлумачыў, што яго вершы былі напісаныя для таго, каб «кожны паводле жадання і стану сваёй душы»[12] мог радавацца ім. Таму што боскае жыццё даецца «аднаму так, другому інакш»[13].

12. Сярод разнастайных формаў я хацеў бы падкрэсліць, што таксама «жаноцкі геній» выяўляецца ў жаночых стылях святасці, неабходных для адлю­стравання святасці Бога ў гэтым свеце. Нават у часы, калі жанчыны мелі найбольш маргінальнае станові­шча, Дух Святы абуджаў святых, чыя прыгажосць дала новы духоўны дынамізм і прыўнесла важныя рэформы ў Касцёле. Можам назваць св. Хільдэгарду Бінгенскую, св. Брыгіду, св. Кацярыну Сіенскую, св. Тэрэзу Авільскую і св. Тэрэзу з Лізьё. Але я хацеў бы нагадаць таксама пра многіх невядомых або забытых жанчын, якія па­свойму падтрымлівалі і перамянялі сем’і і супольнасці сілаю свайго сведчання.

13. Гэта павінна натхняць і заахвочваць кожнага прысвяціць сябе цалкам таму, каб рухацца ў напрамку гэтага ўнікальнага і непаўторнага плану, які Бог спрадвеку меў для яго: «Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе» (Ер 1, 5).

Таксама для цябе

14. Для таго, каб быць святым, не абавязкова быць біскупам, прэзбітэрам, законнікам ці законніцай. Часта мы схільныя думаць, што святасць прызначана толькі для тых, у каго ёсць магчымасць адысці ад звычайных абавязкаў, каб праводзіць шмат часу ў малітве. Але гэта не так. Мы ўсе пакліканы быць святымі, жывучы ў любові і даючы асабістае сведчанне ў нашым штодзённым жыцці там, дзе кожны знаходзіцца. Ты кансэкраваная асоба? Будзь святой, жывучы радасна сваім дарам. Ты жанатыя ці замужам? Будзь святым, кахаючы і клапоцячыся аб сваім мужы або сваёй жонцы, як Хрыстус клапоціцца аб Касцёле. Ты работнік? Будзь святым, выконваючы сумленна і кампетэнтна сваю працу ў службе братам. Ты бацька, маці, дзядуля ці бабуля? Будзь святым, цярпліва навучаючы дзяцей ісці за Езусам. Маеш уладу? Будзь святым, памнажай агульнае дабро і выракайся сваіх асабістых інтарэсаў[14].

15. Дазволь ласцы твайго хросту прыносіць плод на шляху святасці. Няхай усё будзе адкрыта для Бога, таму выберы Яго, усцяж выбірай Бога нанова. Не адчайвайся, бо ў табе ёсць сіла Духа Святога, каб зрабіць святасць магчымай. Яна з’яўляецца плёнам Духа Святога ў тваім жыцці (пар. Гал 5, 22­23). Калі адчуваеш спакусу заблытацца ў сваёй слабасці, паглядзі на Укрыжаванага і скажы Яму: «Пане, я бедны, але Ты можаш зрабіць цуд — зрабіць мяне крыху лепшым». У святым Касцёле, які складаецца з грэшнікаў, ты знойдзеш усё, што неабходна табе для ўзрастання ў святасці. Пан напоўніў яго дарамі свайго Слова, сакрамэнтаў, сан­ктуарыяў, жыццём супольнасцяў, сведчаннем сваіх святых і шматграннай прыгажосцю, якая паходзіць з любові да Пана «як нявеста, упрыгожаная сваімі каштоўнасцямі» (пар. Іс 61, 10).

16. Святасць, да якой заклікае цябе Пан, будзе ўзрастаць праз маленькія жэсты. Напрыклад, нейкая жанчына ідзе на рынак, каб зрабіць закупы, і сустракае суседку, пачынае размаўляць з ёю і ў размове даходзіць да крытыкі. Тады гэтая жанчына кажа сама сабе: «Не, я ні пра каго не буду казаць нічога дрэннага». Гэта крок да святасці! Затым дома, яе сын хоча паразмаўляць з ёю пра свае мары, і, хоць яна стамілася, аднак сядае побач з ім і цярпліва ды з любоўю слухае яго. Гэта яшчэ адна ахвяра, якая асвячае! Калі перажывае хвіліны пакутаў, памятае пра любоў Найсвяцейшай Панны Марыі, бярэ ружанец і моліцца з верай. Гэта яшчэ адзін спосаб святасці! Калі выходзіць на вуліцу, сустракае беднага і спыняецца, каб паразмаўляць з ім з любоўю. Гэта яшчэ адзін крок!

17. Часам жыццё ставіць перад намі яшчэ большыя выклікі, праз якія Пан заклікае нас да новых навяртанняў, якія дазваляюць Ягонай ласцы лепш дзейнічаць у нашым жыцці, «каб мы мелі ўдзел у Яго святасці» (Гбр 12, 10). Часам неабходна проста знайсці больш дасканалую форму жыцця ў тым, што мы ўжо робім: «Усе гэтыя натхненні адносіліся да звычайных спраў, але здзяйсняліся надзвычай дасканала»[15]. Калі кардынал Франсуа Ксавэрый Нгуен Ван Туан быў у турме, ён вырашыў не мучыць сябе пустым чаканнем свайго вызвалення, але пастанавіў «радавацца да­дзенай хвіліне, напаўняючы яе любоўю». А здзяйсняў гэта канкрэтным чынам: «Я выкарыстаю гэтыя што­дзённыя магчымасці, каб здзяйсняць звычайныя рэчы незвычайным чынам»[16].

18. Так, пад уплывам Божай ласкі мы розным чынам будуем тую мадэль святасці, якой чакае ад нас Бог, аднак не робім гэтага як самадастатковыя істоты, але «як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай» (1 П 4, 10). Біскупы Новай Зеландыі слушна нагадвалі нам, што можна любіць бескарыслівай любоўю Пана, бо Уваскрослы падзяляе сваё магутнае жыццё з нашым крохкім жыццём: «Яго любоў не мае межаў, і раз дадзеная, яна ніколі не была забраная назад. Яна была бескарыслівай і засталася вернай. Такая любоў нялёгкая, бо мы вельмі слабыя. Але для таго, каб мы імкнуліся любіць так, як Хрыстус палюбіў нас, Ён сам дзеліцца з намі сваім уваскрослым жыццём. Такім чынам нашае жыццё паказвае Яго сілу ў дзеянні, нават сярод чалавечай слабасці»[17].

Твая місія ў Хрысце

19. Хрысціянін не можа думаць аб сваёй місіі на зямлі, адрываючы яе ад шляху святасці, «бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне» (1 Тэс 4, 3). Кожны святы — гэта місія; гэта план Айца ў адлюстраванні і ўвасабленні ў дадзены момант гісторыі канкрэтнага аспекту Евангелля.

20. Сваё поўнае значэнне гэтая місія мае ў Хрысце, і зразумець яе можна толькі праз Яго. Па сутнасці, святасць — гэта пражыванне таямніц свайго жыцця ў еднасці з Ім. Гэтая місія звязана са смерцю і ўваскрасеннем Пана выключна і асабіста, яна спалучана з няспынным паміраннем і ўваскрашэннем разам з Ім. Але яна таксама можа ўключаць узнаўленне ў асабістым жыцці розных аспектаў зямнога жыцця Езуса: Яго ўтоенага жыцця, супольнага жыцця, Яго блізкасць да іншых, Яго ўбоства ды іншыя праявы Яго ахвяраванне сябе дзеля любові. Сузіранне гэтых таямніц, прапанаванае Ігнацыем Лаёлам, вядзе нас да ўцелаўлення іх у нашых выбарах і паставах[18]. Таму што «ўсё ў жыцці Езуса з’яўляецца знакам Яго таямніцы»[19], «усё жыццё Хрыста з’яўляецца аб’яўленнем Айца»[20], «усё жыццё Хрыста з’яўляецца таямніцай адкуплення»[21], «усё жыццё Хрыста з’яўляецца таямніцай „рэкапітуляцыі”»[22], і «ўсё, што Хрыстус перажыў, Ён рабіў для таго, каб мы маглі перажываць гэта ў Ім і каб Ён перажываў гэта ў нас»[23].

21. Планам Айца ёсць Хрыстус, і мы — у Ім. Урэш­це, гэта Хрыстус любіць у нас, бо «святасць гэта нішто іншае, як жыццё, поўнае любові»[24]. Таму «мера святасці вызначаецца тым, наколькі ў нашым жыцці прысутнічае тое, што Хрыстовае, а таксама тым, як мы моцаю Духа Святога фарміруем усё наша жыццё на ўзор Яго жыцця»[25]. Такім чынам, кожны святы з’яўляецца заклікам, які Дух Святы бярэ з багацця Езуса Хрыста і перадае яго народу.

22. Каб пазнаць, як гучыць слова, якое Пан хоча сказаць праз канкрэтнага святога, не трэба спыняцца на дэталях, бо тут таксама могуць быць памылкі і падзенні. Не ўсё, што кажа святы, абавязкова адпавядае ў поўні Евангеллю, і не ўсё, што ён робіць, заўсёды сапраўднае і дасканалае. Перадусім, вартае захаплення ўсё яго жыццё, увесь шлях асвячэння, яго пастава, якая адлюстроўвае штосьці з Езуса Хрыста і якая раскрываецца, калі мы пачынаем разумець значэнне ўсёй яго асобы[26].

23. Для ўсіх нас гэта моцны выклік. Ты таксама павінен разумець усё сваё жыццё як місію. Паспрабуй гэта зрабіць, слухаючы Бога ў малітве і распазнаючы знакі, якія Ён табе дае. Заўсёды пытайся ў Духа, чаго чакае ад цябе Езус у кожны момант твайго жыцця і ў кожным выбары, які ты павінен зрабіць, каб убачыць, якое месца займае ў тваёй уласнай місіі гэтае пытанне. Дазволь Яму фарміраваць ў табе гэтую асабістую таямніцу, якая паказвае Езуса Хрыста ў сучасным свеце.

24. Няхай Бог дазволіць табе распазнаць гэтае слова, гэты заклік Езуса, які Бог хоча сказаць свету праз тваё жыццё! Дазволь перамяніць сябе, дазволь Духу аднавіць цябе, каб гэта стала магчымым і каб праз гэта твая каштоўная місія не згубілася. Пан дапоўніць яе, нават сярод тваіх памылак і дрэнных хвілінаў з умоваю, што ты не адмовішся ад шляху любові і будзеш заўсёды адкрыты для Яго звышпрыроднага дзеяння, якое ачышчае і асвятляе.

Дзейнасць, якая асвячае

25. Паколькі нельга зразумець Хрыста без Вала­дарства, якое Ён прынёс, твая місія непадзельна звязана з будаваннем гэтага Валадарства: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай» (Мц 6, 33). Тваё атаясамліванне з Хрыстом і з Яго жаданнямі вядзе да абавязку будаваць разам з Ім Валадарства любові, справядлівасці і спакою для ўсіх. Сам Хрыстус хоча перажываць гэта з табою, ва ўсіх неабходных намаганнях і адрачэннях, а таксама ў радасці і плённасці, якія прапануе табе, бо ты не дасягнеш асвячэння без ахвяравання цела і душы дзеля таго, каб з такім запалам даць лепшае, што ёсць у табе.

26. Нядобра любіць цішыню і ўнікаць сустрэч з іншым, жадаць адпачынку і пазбягаць дзейнасці, шукаць малітвы і пагарджаць служэннем. Усё можа быць прынята і спалучана як частка нашага жыцця ў гэтым свеце, і ўключана ў шлях асвячэння. Мы пакліканы жыць сузіраннем у дзейнасці, і асвячаемся праз адказнае і шчодрае выкананне нашай місіі.

27. Ці можа Дух Святы натхняць нас на выкананне місіі і ў той жа час патрабаваць, каб мы ўцякалі ад яе або пазбягалі поўнага аддання ёй дзеля захавання ўнутранага спакою? Тым не менш, мы часам маем спакусу паставіць пастырскую актыўнасць або дзейнасць у свеце на другі план, нібыта яны «рассейваюць» нас на шляху асвячэння і ўнутранага спакою. Мы забываем, што «не жыццё мае місію, але само з’яўляецца місіяй»[27].

28. Безумоўна, дзеянне пад уплывам трывогі, пыхі, жадання праявіць сябе і панаваць, не прынясе асвя­чэння. Неабходна самаахвярнасць, каб намаганні мелі евангельскі сэнс і штораз больш прыпадабнялі нас да Езуса Хрыста. Вось чаму часта гаворыцца, напрыклад, пра духоўнасць катэхета, духоўнасць дыяцэзіяльнага духавенства, духоўнасць працы. Па той жа прычыне я хацеў прысвяціць Evangelii gaudium місійнай духоўнасці, Laudato sі — экалагічнай духоўнасці, а Amoris laеtitia — духоўнасці сямейнага жыцця.

29. Гэта не значыць, што трэба адкідаць хвіліны спакою, адзіноты і цішыні перад Богам. Наадварот! Няспыннае аднаўленне тэхналагічных сродкаў, прывабнасць падарожжаў і шматлікія спажывецкія прапановы не пакідаюць часам свабодных абшараў, дзе гучаў бы голас Бога. Усё запаўняецца словамі, часовымі задавальненнямі і шумам з нарастаючай хуткасцю. Там няма радасці, але ёсць хутчэй незадаволенасць тых, хто не ведае, навошта ён жыве. Як жа не прызнаць таго, што нам трэба спыніць гэтую ліхаманкавую гонку, каб знайсці асабістую прастору, часам балесную, але заўсёды плённую, у якой адбываецца шчыры дыялог з Богам? Аднойчы нам прыйдзецца сутыкнуцца з праўдай пра сябе, каб дазволіць Пану ўвайсці ў яе. Не заўсёды гэта дасягаецца, асабліва калі «мы пры нейкіх абставінах не пройдзем праз такое выпрабаванне, такое ачышчэнне, калі не апынёмся на краі бездані, калі не спазнаем самых цяжкіх спакусаў, калі не адчуем сябе цалкам самотнымі»[28]. Так мы знаходзім вялікія матывацыі, якія заахвочваюць нас да поўнага асэнсавання нашых заданняў.

30. Тыя ж самыя забаўляльныя сродкі, якія хлынулі ў сучаснае жыццё, таксама прыводзяць нас да абсалютызацыі вольнага часу, у якім мы можам выкарыстоўваць без абмежаванняў тыя спосабы, якія прапануюць забаву або часовыя задавальненні[29]. У выніку пакутуе сама місія, слабне актыўнасць, а велікадушнае і дабравольнае служэнне занікае. Гэта прыводзіць да скажэння духоўнага вопыту. Ці можа здаровы духоўны імпэт суіснаваць з нудой (acedia) у евангелізацыйнай дзейнасці або ў служэнні іншым?

31. Нам патрэбны дух святасці, які пранізвае адзіноту і служэнне, інтымнасць і евангелізацыйную дзейнасць, каб кожны момант быў праяўленнем любові, падараванай на вачах Пана. Такім чынам, кожны момант будзе крокам на нашым шляху асвячэння.

Больш жывыя, больш чалавечныя

32. Не бойся святасці. Яна не адбярэ ў цябе ні сілы, ні жыццё, ні радасць. Наадварот, ты станеш тым, кім задумаў цябе пры стварэнні Айцец, і будзеш верны сваёй сутнасці. Залежнасць ад Яго вызваляе нас ад зняволенняў і вядзе да прызнання нашай уласнай годнасці. Гэта бачна на прыкладзе св. Жазэфіны Бакіты, якую «выкралі і прадалі ў рабства ва ўзросце сямі гадоў, [...] якая пакутавала ад рук жорсткіх гаспадароў. Але яна зразумела глыбокую ісціну, што Бог, а не чалавек, з’яўляецца сапраўдным Гаспадаром кожнай чалавечай істоты, кожнага чалавечага жыцця. Гэты досвед стаў крыніцай вялікай мудрасці для гэтай пакорнай дачкі Афрыкі»[30].

33. Наколькі кожны хрысціянін асвячаецца, настолькі становіцца больш карысным для ўсяго свету. Біскупы Заходняй Афрыкі вучылі нас: «Мы пакліканы ў духу новай евангелізацыі быць евангелізаванымі і евангелізаваць праз мабілізацыю ўсіх ахрышчаных, і выконваць сваю ролю як соль зямлі і святло свету, дзе б мы не знаходзіліся»[31].

34. Не бойся імкнуцца вышэй, дазваляць любіць сябе і вызваліцца праз Бога. Не бойся дазволіць Духу Святому кіраваць сабою. Святасць не зробіць цябе менш чалавечным, таму што гэта сустрэча тваёй слабасці з сілай ласкі. Па сутнасці, як сказаў Леан Блуа, у жыцці «ёсць толькі адзін смутак — не быць святым»[32].

 

Раздзел ІІ

ДВА ВЫТАНЧАНЫЯ ВОРАГІ СВЯТАСЦІ

35. У гэтым кантэксце я хацеў бы звярнуць увагу на два фальшывыя разуменні святасці, якія могуць увесці нас у зман: гнастыцызм і пелагіянства. Гэтыя дзве ерасі, якія паўсталі ў першыя стагоддзі хрысціянства, па­ранейшаму з’яўляюцца актуальнай праблемай. І сёння сэрцы многіх хрысціянаў, магчыма несвядома, паддаюцца гэтым падманлівым прапановам. У іх заключаны антрапацэнтрычны іманентызм пад выглядам каталіцкай праўды[33]. Разгледзім гэтыя дзве формы дактрынальнай або дысцыплінарнай упэўненасці ў сабе, якія прыводзяць да «самаўлюбёнай і аўтарытарнай элітарнасці, дзе евангелізацыю замяняе аналізаванне і крытыка іншых. Замест таго, каб аблегчыць доступ да ласкі, энергія траціцца на кантроль. У абодвух выпадках у сапраўднасці не цікавіць ні Езус Хрыстус, ні іншыя»[34].

Сучасны гнастыцызм

36. Гнастыцызм з’яўляецца «верай, замкнёнай у суб’ектывізме, дзе цікавіць толькі нейкі досвед ці шэраг разваг і ведаў, якія, як лічыцца, прыносяць мужнасць і асвятленне, але дзе суб’ект застаецца цалкам замкнёным у іманентнасці свайго ўласнага розуму ці сваіх пачуццяў»[35].

Розум без Бога і без цела

37. Дзякуй Богу, што на працягу ўсёй гісторыі Касцёла вельмі выразна паказана, што дасканаласць людзей вымяраецца ступенню іх любові, а не колькасцю набытых звестак і ведаў. «Гностыкі» ўносяць у гэта блытаніну і мяркуюць пра іншых па іх здольнасці разумець глыбіню пэўных дактрын. Яны ўяўляюць сабе розум, абмежаваны энцыклапедычнай абстракцыяй, які не мае ўвасаблення і не здольны дакрануцца да церпячага ў іншых цела Хрыста. Урэш­це, робяць таямніцу бесцялеснай, жадаюць «Бога без Хрыста, Хрыста без Касцёла, Касцёла без народу»[36].

38. Такім чынам мы сутыкаемся з саманадзейнай павярхоўнасцю: шмат руху на паверхні розуму, але глыбіня думкі пасіўная і не хвалюе. Аднак яна здольная выклікаць у некаторых падманлівае захапленне і падпарадкаваць іх, бо гнастычная раўнавага з’яўляецца фармальнай і лічыць сябе беспамылковай. Яна можа мець рысы пэўнай гармоніі або нейкага ладу, што ахоплівае ўсё.

39. Але будзем асцярожнымі! Я маю на ўвазе не рацыяналістычных ворагаў хрысціянскай веры. Гэта можа здарыцца як у Касцёле, так і сярод свецкіх асобаў у парафіях, а таксама сярод тых, хто выкладае філасофію ці тэалогію ў фармацыйных цэнтрах. Гностыкі перакананы, што сваімі тлумачэннямі яны могуць зрабіць цалкам зразумелай веру і ўсё Евангелле. Яны абсалютызуюць свае тэорыі і прымушаюць іншых падпарадкоўвацца аргументам, якія выкарыстоўваюць яны. Адна рэч, гэта здаровае і пакорлівае выкарыстанне розуму ў разважанні над тэалагічным і маральным вучэннем Евангелля, а другая — гэта спроба звесці вучэнне Езуса да халоднай і жорсткай логікі, якая імкнецца дамінаваць над усім[37].

Дактрына без таямніцы

40. Гнастыцызм — гэта адна з найгоршых ідэалогій, якая несправядліва ўзвышае веды ці пэўны вопыт, а сваё бачанне рэальнасці лічыць дасканалым. Такім чынам, магчыма, не ўсведамляючы гэтага, такая ідэалогія сілкуе сама сябе і яшчэ больш слепне. Часам становіцца асабліва зманлівай, калі хаваецца за бесцялеснай духоўнасцю. Гнастыцызм «па сваёй прыродзе хоча прыручыць таямніцу»[38], таямніцу Бога і Яго ласкі, а таксама таямніцу жыцця іншых.

41. Калі хтосьці мае адказ на ўсе пытанні, то паказвае, што не ідзе правільным шляхам і, магчыма, з’яўляецца ілжэпрарокам, які выкарыстоўвае рэлігію ў сваіх інтарэсах, для сваіх псіхалагічных і духоўных домыслаў. Бог бясконца пераўзыходзіць нас, заўсёды здзіўляе нас нечаканасцю, і гэта не мы вырашаем, у якіх гістарычных акалічнасцях можна сустрэцца з Ім, бо не мы вызначаем месца, час і спосаб сустрэчы. Той, хто хоча, каб усё было зразумелым і канкрэтным, намагаецца панаваць над трансцэндэнтнасцю Бога.

42. Нельга спрабаваць вызначыць, дзе няма Бога, бо Ён таямніча прысутнічае ў жыцці кожнага чалавека так, як сам гэтага хоча, і мы не можам запярэчыць гэтаму нашымі выдуманымі аксіёмамі. Нават тады, калі жыццё нейкага чалавека было катастрофай, нават калі мы бачым, што ён быў знішчаны заганамі і шкоднымі звычкамі, Бог прысутнічае ў яго жыцці. Калі мы дазваляем кіраваць намі Духу, а не нашым развагам, то можам і павінны шукаць Пана ў жыцці кожнага чалавека. Гэта частка таямніцы, якую менталітэт гностыкаў зазвычай адкідае, таму што яны не могуць кантраляваць яе.

Межы розуму

43. Праўду, якую атрымліваем ад Пана, мы разумеем вельмі недасканала. Яшчэ цяжэй нам выказаць яе. Таму мы не можам рабіць выгляд, што наш спосаб разумення дазваляе нам ажыццяўляць строгі кантроль за жыццём іншых людзей. Хачу нагадаць, што ў Касцёле суіснуюць, згодна з законам, розныя падыходы да інтэрпрэтацыі многіх аспектаў дактрыны і хрысціянскага жыцця, якія, у іх разнастайнасці, дапамагаюць «лепш растлумачыць багаты скарб Слова». Канешне, «тым, хто марыць аб маналітным вучэнні, якое б прымалася ўсімі без ніякіх выключэнняў, гэта можа здавацца недасканалым рассейваннем»[39]. У прыватнасці, некаторыя гнастычныя плыні не зважалі на вельмі канкрэтную прастату Евангелля і імкнуліся замяніць уцелаўлёнага і Трыадзінага Бога нейкай вышэйшай Еднасцю, у якой знікала багатая разнастайнасць нашай гісторыі.

44. Па сутнасці дактрына, а дакладней нашае разуменне дактрыны і яе выражэнне, «не з’яўляецца замкнёнай сістэмай, пазбаўленай дынамікі, якая здольная абуджаць пытанні, сумненні, дыскусіі», а «пытанні нашага народу, яго змаганні, мары, клопаты маюць герменеўтычнае значэнне, чаго мы не можам ігнараваць, калі хочам сур’ёзна паставіцца да прынцыпу ўцелаўлення. Яго пытанні дапамагаюць нам задаваць пытанні сабе, яго пошукі становяцца нашымі пошукамі»[40].

45. Часта робіцца небяспечная памылка: калі мяркуем, што мы штосьці ведаем ці можам растлумачыць пры дапамозе нейкай логікі, то мы ўжо святыя, дасканалыя, лепшыя за «шэрую масу». Тых, хто ў Касцёле мае магчымасць атрымаць больш глыбокую фармацыю, св. Ян Павел II асцерагаў перад спакусай развіцця «пэўнага пачуцця перавагі над іншымі вернікамі»[41]. Па сутнасці, калі мы думаем, што ведаем штосьці, то гэта заўсёды павінна матываваць нас да лепшага адказу на любоў Бога, таму што «мы вучымся для таго, каб жыць: тэалогія і святасць з’яўляюцца непадзельным біномам»[42].

46. Калі св. Францішак Асізскі ўбачыў, як вучылі дактрыне некаторыя яго вучні, ён пажадаў асцерагчы іх ад спакусы гнастыцызму. Таму так напісаў да св. Антонія Падуанскага: «Лічу карысным, што ты выкладаеш святую тэалогію для братоў, толькі не згубі духа малітвы і пабожнасці»[43]. Ён распазнаў спакусу ператварэння хрысціянскага досведу ў калекцыю інтэлектуальных разважанняў, якія ў рэшце рэшт аддаляюць нас ад свежасці Евангелля. З другога боку, св. Банавэнтура папярэджваў, што сапраўдная хрысціянская мудрасць не павінна аддзяляцца ад міласэрнасці да бліжняга: «Найвялікшая мудрасць, якая можа існаваць, заключаецца ў тым, каб плённа даваць тое, чым кожны можа падзяліцца, што было дадзена яму менавіта для таго, каб раздаваць. [...] Таму, калі міласэрнасць — гэта сяброўка мудрасці, то прагнасць — яе вораг»[44]. «Існуе такая дзейнасць, якая разам з сузіраннем не пера­шкаджае ёй, але дапамагае праз учынкі міласэрнасці і пабожнасці»[45].

Сучаснае пелагіянства

47. Гнастыцызм аднавіў іншую старую ерась, якая існуе таксама сёння. З часам многія сталі разумець, што не веды робяць нас лепшымі ці святымі, а жыццё, якое мы вядзём. Праблема заключаецца ў тым, што такое перакананне далікатна паглыбіла ранейшыя меркаванні, і ў выніку памылка гностыкаў проста змянілася, але не была пераадолена.

48. Сталася так таму, што сілу, якую гностыкі прыпісвалі інтэлекту, некаторыя сталі прыпісваць волі чалавека, асабістаму высілку. Так з’явіліся пелагіяне і паўпелагіяне. Ужо не інтэлект займаў месца таямніцы і ласкі, а воля. Яны забыліся, што ўсё залежыць «не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога» (Рым 9, 16), і што «Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 19).

Воля без пакоры

49. Тыя, хто мае такі пелагіянскі або паўпелагіянскі менталітэт, хоць кажуць пра Божую ласку ў салодкіх прамовах, «у рэшце рэшт спадзяюцца толькі на ўласныя сілы і ставяць сябе вышэй за іншых, таму што захоўваюць пэўныя нормы ці таму, што нязменна верныя пэўнаму каталіцкаму стылю мінулых часоў»[46]. Калі хтосьці з іх звяртаецца да слабых асобаў, кажучы, што з Божай ласкаю ўсё магчыма, па сутнасці перадае ідэю, што ўсё магчыма дзякуючы чалавечай волі, быццам яна — гэта штосьці чыстае, дасканалае, усемагутнае, да чаго далучаецца ласка. Замоўчваецца, што «не ўсе могуць зрабіць усё»[47] і што ў гэтым жыцці чалавечыя слабасці не вылечаны ласкай цалкам і назаўсёды[48]. Ва ўсякім выпадку, як вучыў св. Аўгустын, Бог заахвочвае цябе, каб ты рабіў тое, што можаш і «прасіў аб тым, чаго не можаш»[49]; або, каб ты з пакораю сказаў Пану: «Дай тое, што загадваеш, і што хочаш, загадвай»[50].

50. У рэшце рэшт, адсутнасць шчырага, балеснага і малітоўнага прызнання нашай абмежаванасці перашкаджае ласцы лепш дзейнічаць у нас, таму што не дае ёй магчымасці абудзіць тое магчымае дабро, якое ўпісваецца ў працэс праўдзівага і рэальнага развіцця[51]. Ласка, менавіта таму, што бярэ пад увагу нашую прыроду, не робіць нас адразу супермэнамі. Спадзяванне на гэта сведчыла б аб празмернай упэўненасці ў сабе. У гэтым выпадку нашыя паставы, хаваючыся за артадоксію, могуць не адпавядаць таму, што мы сцвярджаем пра неабходнасць ласкі, і могуць прывесці да таго, што мы ў канчатковым выніку будзем вельмі мала спадзявацца на яе. Калі мы не прызнаем нашую канкрэтную і абмежаваную рэальнасць, то не зможам таксама ўбачыць фактычных і магчымых крокаў, якіх чакае ад нас Пан кожную хвіліну, прыцягнуўшы нас і зрабіўшы здольнымі праз свой дар. Ласка дзейнічае ў гісторыі і, як правіла, ахоплівае і перамяняе нас паступова[52]. Таму, калі мы адкінем гэтую гістарычнасць і паступовасць, можам фактычна дайсці да іх адмаўлення і блакавання, нават калі на словах гэта хвалім.

51. Калі Бог звяртаецца да Абрагама, Ён кажа: «Я Бог усемагутны, хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны» (Быц 17, 1). Для таго, каб мы былі дасканалымі, як хоча Ён, мы павінны жыць пакорліва перад Ім, ахопленыя Яго славай. Мы павінны ісці разам з Ім, распазнаючы Яго пастаянную любоў у нашым жыцці. Неабходна перастаць баяцца Яго прысутнасці, якая можа даць нам толькі дабро. Ён — Айцец, які даў нам жыццё і моцна любіць нас. Калі прымаем Яго і не ўяўляем свайго жыццё без Яго, то самота знікае (пар. Пс 139 [138], 7). А калі не робім перашкодаў паміж намі і Богам і жывём у Яго прысутнасці, то можам дазво­ліць Яму даследаваць нашыя сэрцы, каб Ён убачыў, ці знаходзяцца яны на правільным шляху (пар. Пс 139 [138], 23­24). Такім чынам мы зможам пазнаць волю Пана і тое, што падабаецца Яму ды што з’яўляецца дасканалым (пар. Рым 12, 1­2), а таксама дазволім Яму, як ганчару, ляпіць нас (Іс 29, 16). Мы часта гаварылі, што Бог жыве ў нас, аднак, лепш сказаць, што гэта мы жывем у Ім, гэта Ён дазваляе нам жыць у Яго святле і ў Яго любові. Ён — наша святыня: «Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго» (Пс 27 [26], 4). «Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах лепшы за тысячу іншых» (Пс 84 [83], 11). У Ім мы асвячаны.

Навучанне Касцёла, якое часта забываецца

52. Касцёл неаднаразова вучыў, што мы атрымліваем апраўданне не праз нашыя ўчынкі ці намаганні, але праз ласку Пана, які бярэ на сябе ініцыятыву. Айцы Касцёла, яшчэ да св. Аўгустына, выразна прадставілі гэтае фундаментальнае перакананне. Св. Ян Хрызастом сказаў, што Бог адразу вылівае на нас крыніцу ўсялякіх дабротаў, «яшчэ нават да змагання»[53]. Св. Базыль Вялікі адзначыў, што толькі ў Богу верны атрымлівае хвалу, бо ведае, што ён «не мае сапраўднай справядлівасці, але апраўдваецца праз веру ў Хрыста»[54].

53. Другі Сінод у Аранжы выразна вучыў, што ні адзін чалавек не можа патрабаваць, заслужыць ці набыць дар Божай ласкі, і ўсё, што можа разам з ёй дзейнічаць, з’яўляецца папярэднім дарам той самай ласкі: «Нават нашае жаданне ачысціцца — гэта вынік дару і дзеяння Духа Святога ў нас»[55]. Пазней Трыдэнцкі Сабор, падкрэсліваючы важнасць нашага супрацоўніцтва для духоўнага развіцця, пацвердзіў гэтае дагматычнае вучэнне: «Сказана, што мы апраўданыя не дзякуючы ўласнай заслузе, бо нішто з таго, што папярэднічае апраўданню, — ні вера, ні ўчынкі, — самі па сабе не прыносяць ласку апраўдання, „а калі праз ласку, то не праз учынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай” (Рым 11, 6)»[56].

54. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла таксама нагадвае нам, што дар ласкі «пераўзыходзіць магчымасці інтэлекту і сілы волі чалавека і кожнага стварэння»[57], і што «ў сцісла юрыдычным значэнні з боку чалавека не існуе заслуг перад Богам. Няроўнасць паміж Ім і намі непамерная»[58]. Яго сяброўства бясконца перавышае нас, мы не можам купіць яго нашымі ўчынкамі, яно можа быць толькі дарам Ягонай ініцыятывы любові. Гэта заахвочвае нас жыць у радаснай удзячнасці за гэты дар, які мы ніколі не зможам заслужыць, бо «калі хто ўжо мае ласку, то не можа ласка, ужо атрыманая, быць прадметам заслугі»[59]. Святыя пазбягаюць спадзявання на свае ўчынкі: «Увечары гэтага жыцця я стану перад Табою з пустымі рукамі, бо я не прашу Цябе, Пане, лічыць мае ўчынкі. Уся нашая справядлі­васць брудная ў Тваіх вачах»[60].

55. Гэта адно з самых вялікіх перакананняў, кан­чаткова замацаванае ў Касцёле і вельмі выразна прадстаўленае ў Божым слове, якое не падлягае абмеркаванню. Як найбольшая запаведзь любові, так і гэтая праўда павінна вызначыць наш лад жыцця, бо яна паходзіць з сэрца Евангелля і заклікае нас прыняць яе не толькі розумам, але перамяніць яе ў за­разлівую радасць. Аднак мы не можам з удзячнасцю цэлебраваць дарма атрыманы дар сяброўства з Панам, калі не прызнаем, што нашае зямное жыццё і нашыя прыродныя здольнасці таксама з’яўляюцца дарам. Нам трэба «радасна прыняць тое, што нашая рэчаіснасць з’яўляецца вынікам дару, і прыняць таксама нашую свабоду як ласку. Сёння гэта цяжка зрабіць у свеце, які лічыць, што мае штосьці сам па сабе, што гэта вынік яго арыгінальнасці і свабоды»[61].

56. Толькі зыходзячы з Божага дару, прынятага дабравольна і з пакораю, мы можам супрацоўнічаць з нашымі намаганнямі дзеля нашай штораз большай перамены[62]. Першае пытанне — гэта прыналежнасць да Бога. Маецца на ўвазе прысвячэнне таму, хто нас апярэджвае, прысвячэнне Яму нашых здольнасцяў, нашага ўдзелу, нашай барацьбы са злом і нашай крэатыўнасці, каб Яго дар развіваўся ў нас: «Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу» (Рым 12, 1). З іншага боку, Касцёл заўсёды вучыў, што толькі любоў дазваляе развіваць жыццё ў ласцы, бо калі я «любові не маю, то я — нішто» (1 Кар 13, 2).

Новыя пелагіяне

57. Ёсць таксама хрысціяне, якія імкнуцца ісці іншым шляхам: ён заключаецца ў апраўданні праз уласныя сілы, культ чалавечай волі і ўласныя здольнасці, што прыводзіць да эгацэнтрычнай і элітарнай самазадаволенасці, пазбаўленай сапраўднай любові. Гэта выяўляецца ў шматлікіх, здавалася б розных паставах: у апантанасці законам, у зачараванні грамадскімі і палітычнымі дасягненнямі, у паказным клопаце аб літургіі, дактрыне і прэстыжы Касцёла, у ганарыстасці, звязанай з практычным кіраваннем, імкненнем да дынамікі самадапамогі і самарэалізацыі. Некаторыя хрысціяне прысвячаюць гэтаму свой час і сваю энергію, замест таго, каб дазволіць Духу Святому весці сябе шляхам любові, замест таго, каб захапляцца пераказам прыгажосці і радасці Евангелля і шукаць загубленых сярод велізарнага натоўпу тых, хто прагне Хрыста[63].

58. Часта, насуперак дзеянню Духа Святога, жыццё Касцёла ператвараецца ў музейны экспанат ці становіцца даступным для нямногіх. Так адбываецца, калі некаторыя хрысціянскія групы надаюць занадта вялікае значэнне захаванню ўласных нормаў, практык або стыляў. Такім чынам даходзіць да абмежавання ці падаўлення Евангелля ў выніку пазбаўлення яе чароўнай прастаты і смаку. Магчыма, гэта вытанчаная форма пелагіянства, бо здаецца, што яна падпарадкоўвае жыццё ласкі некаторым чалавечым структурам. Датычыць гэта груп, рухаў і супольнасцяў і тлумачыць тое, чаму вельмі часта яны, пачынаючы з інтэнсіўнага жыцця ў Духу Святым, становяцца пасля скамянелымі... або сапсаванымі.

59. Не ўсведамляючы гэтага, а таксама мяркуючы, што ўсё залежыць ад намаганняў чалавека, якімі кіруюць нормы і касцёльныя структуры, мы ускладняем Евангелле і становімся нявольнікамі схемы, якая пакідае мала месца для дзеяння ласкі. Св. Тамаш Аквінскі нагадвае нам, што захавання наказаў, дададзеных Касцёлам да Евангелля, трэба патрабаваць з мераю, «каб не ўскладняць жыццё вернікаў», бо праз гэта наша рэлігія можа ператварыцца ў няволю[64].

Падагульненне Закону

60. Каб гэтага пазбегнуць, варта часта нагадваць, што існуе іерархія цнотаў, якая заахвочвае нас шукаць тое, што істотнае. Першынство належыць тэалагальным цнотам, аб’ектам і матывам якіх з’яўляецца Бог. У цэнтры знаходзіцца любоў. Св. Павел кажа, што на самай справе лічыцца толькі «вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6). Мы пакліканы старанна клапаціцца пра любоў: «Хто любіць бліжняга, выканаў Закон. [...] любоў ёсць выкананнем Закону» (Рым 13, 8. 10). «Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Гал 5, 14).

61. Іншымі словамі, у гушчары наказаў і прадпісанняў Езус робіць прасвет, які дазваляе адрозніваць два абліччы: Айца і брата. Ён не дае нам дзвюх дадатковых формул ці двух запаветаў. Ён прапануе нам два абліччы, а дакладней адно — аблічча Бога, які знаходзіць сваё адлюстраванне ў многіх іншых. У кожным браце, асабліва ў найменшым, слабым, бездапаможным і патрабуючым прысутнічае вобраз Бога. Сапраўды, напрыканцы часоў з адкідаў гэтага слабога чалавецтва Пан сфармуе свай апошні твор мастацтва. «Што застаецца, што каштоўнае ў жыцці, якое багацце не знікне? Вядома, два: Пан і бліжні. Гэтыя два багацці не знікнуць»[65].

62. Няхай Пан вызваліць Касцёл ад новых форм гнастыцызму і пелагіянства, якія стрымліваюць і ўскладняюць шлях да святасці! Гэтыя адхіленні выяўляюцца па­рознаму, у залежнасці ад тэмпераменту і асабістых рысаў кожнага. Таму я заклікаю ўсіх задаваць сабе пытанні і распазнаваць перад Богам, як гэтыя формы могуць выявіцца ў вашым жыцці.

Раздзел III

У СВЯТЛЕ НАСТАЎНІКА

63. Можа існаваць шмат тэорый, разгорнутых тлумачэнняў і адрозненняў на тэму святасці. Такія разважанні могуць быць карыснымі, але найбольш павучальным з’яўляецца зварот да словаў Езуса і прыняцце Яго спосабу перадачы праўды. Езус з вялікай прастатой патлумачыў, што значыць быць святым, і зрабіў гэта, калі пакінуў нам благаслаўленні (Мц 5, 3­12; Лк 6, 20­23). Яны з’яўляюцца нібы доказам непаўторнасці хрысціяніна. Таму, калі хтосьці з нас задае сабе пытанне: «Як можна стаць добрым хрысціянінам?», адказ просты: трэба, каб кожны па­своему выконваў тое, пра што кажа Езус у абвешчаных благаслаўленнях[66]. У іх накрэслена аблічча Настаўніка, сведчыць пра якога мы пакліканы ў нашым штодзённым жыцці.

64. Слова «шчаслівы» або «благаслаўлёны» становіцца сінонімам слова «святы», бо паказвае, што чалавек, які верны Богу і жыве Яго словам, дасягае сапраўднага шчасця, даючы сябе як дар.

Супраць цячэння

65. Хоць словы Езуса могуць здавацца нам паэтычнымі, аднак яны супрацьстаяць таму, што звычайна робіцца і што адбываецца ў грамадстве. І хоць гэтае пасланне Езуса прыцягвае нас, свет усё ж вядзе нас да іншага ладу жыцця. Благаслаўленні — гэта не штосьці лёгкае і павярхоўнае, а зусім наадварот. Мы можам імі жыць толькі тады, калі Дух Святы ахоплівае нас з усёй сваёй сілаю і вызваляе нас ад заганы эгаізму, ляноты ці пыхі.

66. Паслухаем зноў Езуса, з усёй любоўю і павагай, якіх заслугоўвае Настаўнік. Дазволім Яму шакаваць нас сваімі словамі, каб яны правакавалі нас, заклікалі да сапраўднай змены жыцця. У адваротным выпадку, святасць будзе толькі словамі. Разгледзім зараз наступныя благаслаўленні, пададзеныя ў Евангеллі паводле Мацвея (пар. Мц 5, 3­12)[67].

«Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае»

67. Евангелле заклікае нас пазнаць праўду нашага сэрца, каб убачыць, дзе ёсць бяспека нашага жыцця. Звычайна, багаты адчувае сябе ў бяспецы дзякуючы свайму багаццю і лічыць, што ўвесь сэнс яго жыцця на зямлі руйнуецца, калі яно апынаецца пад пагрозай. Сам Езус сказаў нам пра гэта ў прыпавесці пра нера­зумнага багача, які, будучы ўпэўненым у сабе, не думаў, што можа памерці ў той самы дзень (пар. Лк 12, 16­21).

68. Багацце нічога табе не гарантуе. Больш за тое, калі сэрца адчувае сябе багатым, яно настолькі задаволена сабою, што няма ў ім месца для Божага слова, для таго, каб любіць братоў і атрымліваць асалоду ад самых важных рэчаў у жыцці. Гэта пазбаўляе нас найцудоўнейшых дабротаў. Вось чаму Езус называе благаслаўлёнымі ўбогіх духам — тых, хто мае ўбогае сэрца, у якое можа ўвайсці Пан са сваёй няспыннай навізной.

69. Гэтае духоўнае ўбоства цесна звязанае са «святой абыякавасцю», якую прапанаваў Ігнацый Лаёла і праз якую мы дасягаем прыгожай духоўнай свабоды: «Нам трэба стаць людзьмі, абыякавымі да ўсяго створанага, ва ўсім, што падпарадкавана свабодзе нашай вольнай волі і што не забаронена ёй, каб мы са свайго боку не прагнулі больш здароўя, чым хваробы, багацця больш за беднасць, гонару больш за пагарду, доўгага жыцця больш за кароткае, і гэтак далей ва ўсім»[68].

70. Лука не кажа пра ўбоства «духу», але пра тое, каб быць «убогім» і нічога больш (пар. Лк 6, 20). Таму запрашае нас да суровага і ўбогага жыцця. Ён заклікае нас да ўдзелу ў жыцці найбольш патрабуючых, у жыцці, якое вялі Апосталы, і ўрэшце, каб мы прыпадобніліся да Езуса, які, «хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас» (2 Кар 8, 9).

Быць убогім у сэрцы — гэта і ёсць святасць.

«Шчаслівыя лагодныя,
бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю»

71. Гэта моцныя словы ў нашым свеце, які з самага пачатку з’яўляецца месцам варожасці, у якім усюды трываюць спрэчкі, у якім з усіх бакоў ідзе нянавісць, у якім мы пастаянна класіфікуем іншых па іх поглядах, звычках і нават па спосабе гаварыць або апранацца. Сцісла кажучы, гэта валадарства пыхі і ганарыстасці, дзе кожны думае, што ён мае права ўзвышацца над іншымі. Аднак, хоць здаецца гэта немагчымым, Езус прапануе іншы стыль: лагоднасць. Ён практыкаваў гэта са сваімі вучнямі, і гэта мы бачым у момант Яго ўезду ў Ерузалем: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; ла­годны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай» (Мц 21, 5; пар. Зах 9, 9).

72. Езус сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11, 29). Калі мы жывем з іншымі напружана і напышліва, то ў рэшце рэшт стамляемся і адчуваем сябе вычарпанымі. А калі ставімся да іх слабасцяў і недахопаў з пяшчотай і лагоднасцю, не адчуваючы сябе лепшымі, то можам дапамагчы ім, а самі не марнуем сваю энергію на бескарысныя накаранні. Для св. Тэрэзы з Лізьё «дасканалая любоў заключаецца ў тым, каб зносіць недахопы іншых і не здзіўляцца іх слабасцям»[69].

73. Св. Павел кажа пра лагоднасць, як пра плод Духа Святога (пар. Гал 5, 23). Ён прапануе, каб кожны раз, калі нас непакояць дрэнныя ўчынкі бліжняга, мы рабілі яму заўвагу, але «з далікатнасцю» (Гал 6, 1), і нагадвае: «...зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці» (тамсама). Калі хтосьці абараняе сваю веру і перакананні, ён таксама павінен рабіць гэта «лагодна» (1 П 3, 16), і нават да непрыяцеляў ён павінен ставіцца «спакойна» (2 Цім 2, 25). У Касцёле мы неадночы выбіралі дрэнны шлях, не прымаючы гэтага закліку Божага слова.

74. Лагоднасць з’яўляецца яшчэ адным выразам унутранага ўбоства тых, хто спадзяецца толькі на Бога. Сапраўды, у Бібліі адносна ўбогіх і лагодных часта выкарыстоўваецца тое самае слова — anawim. Хтосьці можа запярэчыць: «Калі я буду занадта лагодным, то падумаюць, што я неразумны, наіўны ці слабы». Магчыма так і будзе, але давайце дазволім іншым так думаць. Лепш заўсёды быць лагодным, бо тады споўніцца нашае самае вялікае жаданне: лагодныя «атрымаюць у спадчыну зямлю», гэта значыць, убачаць у сваім жыцці спаўненне Божых абяцанняў. Лагодныя, незалежна ад абставінаў, спадзяюцца на Пана, а той, хто спадзяецца на Пана, атрымае ў спадчыну зямлю і будзе цешыцца вялікім спакоем (пар. Пс 37 [36], 9. 11). У той жа час, Пан давярае ім: «Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны ў духу і хто з трымценнем захоўвае Маё слова» (Іс 66, 2).

Рэагаваць з пакорлівай лагоднасцю — вось у чым заключаецца святасць.

«Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны»

75. Свет прапануе нам штосьці адваротнае: асалоду, задавальненне, уцеху і забаву і кажа нам, што менавіта гэта робіць жыццё добрым. Свет ігнаруе, глядзіць у іншы бок, калі з’яўляюцца такія праблемы, як хвароба ці цярпенне ў сям’і або ў атачэнні. Свет не хоча плакаць, ён хутчэй гатовы ігнараваць балючыя сітуацыі, хаваць іх, утойваць. Прыкладваецца шмат намаганняў, каб уцячы ад сітуацый, у якіх сёння прысутнічае цярпенне, мяркуючы, што можна засланіць рэчаіснасць, у якой, між іншым, заўсёды прысутнічае крыж.

76. Чалавек, які бачыць рэчы такімі, якімі яны ёсць у сапраўднасці, які дазваляе працяць сябе болем і плача ў сваім сэрцы, можа спазнаць глыбіню жыцця і стаць па­сапраўднаму шчаслівым[70]. Такі чалавек суцяшаецца, але суцяшэннем Езуса, а не суцяшэннем свету, і таму можа мець мужнасць падзяляць цярпенні іншых і перастае ўцякаць ад балючых сітуацый. Ён прыхо­дзіць да высновы, што жыццё мае сэнс, калі дапамагае бліжняму несці яго боль, калі разумее пакуты іншых, калі прыносіць палёгку іншым. Такі чалавек адчувае, што іншы з’яўляецца целам ад яго цела, ён не баіцца наблізіцца да яго, каб дакрануцца да яго ранаў, ён спачувае аж да адчування, паміж імі ўжо няма адлегласці. Гэта дае магчымасць прыняць заклік св. Паўла: «Плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15).

Уменне плакаць з іншымі — гэта святасць!

«Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці,
бо яны будуць насычаны»

77. «Голад і смага» — гэта вельмі моцны досвед, таму што гэтыя праявы рэчаіснасці датычаць асноўных патрэбаў і звязаныя з інстынктам выжывання. Ёсць людзі, якія прагнуць справядлівасці, імкнуцца да яе і вельмі старанна яе шукаюць. Езус кажа, што яны будуць насычаныя, таму што раней ці пазней справядлівасць стане рэальнасцю, і мы можам прычыніцца да таго, каб яна стала магчымай, хоць і не заўсёды бачым вынікі гэтых намаганняў.

78. Але справядлівасць, якую прапануе Езус, непадобная да той, якой шукае свет і якая азмрочана дробнымі інтарэсамі, якой маніпулююць з таго ці іншага боку. Рэчаіснасць паказвае нам, як лёгка трапіць у пастку карупцыі, стаць часткай той штодзённай палітыкі паводле прынцыпу «даю, каб іншыя мне давалі», дзе ўсё ператвараецца ў гандаль. Як шмат людзей пакутуе з прычыны несправядлівасці, многія з іх вымушаныя бездапаможна назіраць, як іншыя па чарзе дзеляцца «пірагом жыцця». Некаторыя адмаўляюцца ад ба­рацьбы за справядлівасць і вырашаюць прыняць бок пераможцы. Гэта не мае нічога агульнага з голадам і прагай справядлівасці, якія хваліць Езус.

79. Такая справядлівасць пачынае здзяйсняцца ў жыцці кожнага з нас, калі мы прымаем справядлівыя рашэнні, а затым выяўляецца ў шуканні справядлівасці для ўбогіх і слабых. Гэта праўда, што слова «справядлівасць» можа быць сінонімам вернасці волі Бога ва ўсім нашым жыцці, аднак, калі мы надаём яму вельмі агульны сэнс, то забываем, што яно асабліва датычыць справядлівасці да безабаронных: «Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву!» (Іс 1, 17).

Шукаць справядлівасці з голадам і смагай — гэта святасць!

«Шчаслівыя міласэрныя,
бо яны спазнаюць міласэрнасць»

80. Міласэрнасць мае два аспекты: з’яўляецца даваннем, дапамогаю, служэннем іншым, а таксама прабачэннем, зразуменнем. Св. Мацвей падагульняе гэта ў залатым правіле: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце!» (7, 12). Катэхізіс нагадвае нам пра тое, што гэты закон павінен дзейнічаць «ва ўсіх выпадках»[71], асабліва, калі «чалавек сутыкаецца з сітуацыямі, у якіх «цяжка вынесці адназначную маральную ацэнку і прыняць рашэнне»[72].

81. Даваць і прабачаць — значыць спрабаваць ад­люстраваць у нашым жыцці малы водбліск даскана­ласці Бога, які шчодра дае і прабачае. Вось чаму ў Евангеллі паводле св. Лукі мы не знаходзім словаў «будзьце дасканалымі» (Мц 5, 48), але: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам» (6, 36­38). А потым Лука дадае тое, чаго мы не павінны ігнараваць: «Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (6, 38). Мера, якую мы выкарыстоўваем для зразумення і даравання, будзе прымененая адносна нас, каб дараваць нам. Мера, якую мы выкарыстоўваем, каб даваць, будзе прымененая да нас у Небе, каб узнагародзіць нас. Нам нельга пра гэта забываць.

82. Езус не кажа: «Шчаслівыя, хто плануе адпом­сціць», але называе шчаслівымі тых, хто прабачае і робіць гэта «семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22). Звярніце ўвагу, што ўсе мы — армія людзей, якія атрымалі прабачэнне. На кожнага з нас быў скіраваны позірк, поўны Божага спачування. Калі мы шчыра наблізімся да Пана і старанна прыслухаемся, то напэўна часам можам пачуць папрок: «Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?» (Мц 18, 33).

Міласэрнае стаўленне і дзеянне — гэта святасць!

«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць»

83. Гэтае благаслаўленне тычыцца тых, хто мае простае, чыстае сэрца, без бруду, бо сэрца, якое ўмее любіць, не ўпускае ў сваё жыццё тое, што пагражае гэтай любові, што аслабляе яе або падвяргае небяспецы. У Бібліі сэрца азначае нашыя сапраўдныя намеры, тое, чаго мы на самай справе шукаем і жадаем, неза­лежна ад таго, што мы паказваем: «бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца» (1 Сам 16, 7). Ён спрабуе размаўляць з нашым сэрцам (пар. Ос 2, 16) і там хоча запісаць свой Закон (пар. Ер 31, 33). Адным словам, хоча даць нам новае сэрца (пар. Эзх 36, 26).

84. «З усёй пільнасцю сцеражы сваё сэрца» (Прып 4, 23). Нішто заплямленае хлуснёй не мае сапраўднай каштоўнасці для Пана. Ён «пазбегне падману і аддаліцца ад неразумных думак» (Мдр 1, 5). Айцец, «які бачыць патаемнае» (Мц 6, 6), распазнае нячыстае, тое, што не з’яўляецца шчырым, а толькі абалонкай і зне­шнім выглядам, як гэта робіць і Сын, які ведае, што «ў чалавеку» (Ян 2, 25).

85. Гэта праўда, што няма любові без учынкаў любові, але гэтае благаслаўленне нагадвае нам пра тое, што Пан чакае ад нас ахвярнага служэння брату, што зыходзіць ад сэрца, бо «калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (1 Кар 13, 3). У Евангеллі паводле св. Мацвея мы бачым таксама: тое, што выхо­дзіць з сэрца, з’яўляецца тым, што апаганьвае чалавека (пар. 15, 18), бо з яго выходзяць злачынствы, крадзеж, ілжывыя сведчанні і г.д. (пар. 15, 19). Ад намераў сэрца нараджаюцца патаемныя жаданні і рашэнні, якія сапраўды нас хвалююць.

86. Калі сэрца любіць Бога і бліжняга (пар. Мц 22, 36­40), калі гэта яго шчыры намер, а не пустыя словы, то гэтае сэрца чыстае, і яно можа ўбачыць Бога. Св. Павел у сваім Гімне любові кажа, што «цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна» (1 Кар 13, 12), але з часам, настолькі, наколькі пануе сапраўдная любоў, мы зможам убачыць «тварам у твар» (тамсама). Езус абяцае, што тыя, хто мае чыстае сэрца, «Бога ўбачаць».

Захаванне сэрца чыстым ад усяго, што апаганьвае любоў, — гэта святасць!

«Шчаслівыя міратворцы,
бо яны будуць названыя сынамі Божымі»

87. Гэтае благаслаўленне запрашае нас паразва­жаць пра многія частыя канфліктныя сітуацыі. Нярэдка здараецца, што мы становімся прычынай канфліктаў ці нейкіх непаразуменняў. Напрыклад, калі чую нешта ад кагосьці і іду да іншага, каб яму гэта сказаць, а нават ствараю другую версію, больш падрабязную, і распаўсюджваю яе. А калі яна прынясе больш шкоды, то здаецца, што гэта мне дае больш задавальнення. Свет пляткарства, які людзі ствараюць праз крытыку і знішчэнне іншага, не будуе спакою. Такія людзі з’яўляюцца ворагамі спакою і ніякім чынам не благаслаўлёнымі[73].

88. Міратворцы — гэта крыніца спакою, яны будуюць грамадскі мір і сяброўства. Для тых, хто ўсюды сее мір, Езус дае прыгожае абяцанне: «Яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5, 9). Ён прасіў сваіх вучняў пры ўваходзе ў дом казаць: «Спакой гэтаму дому!» (Лк 10, 5). Божае слова заклікае кожнага верніка шукаць разам з іншымі спакою (пар. 2 Цім 2, 22), бо «плод справядлівасці сеюць у спакоі тыя, хто чыніць спакой» (Як 3, 18). А калі часам у нашай супольнасці мы сумняваемся наконт таго, што мы павінны зрабіць, то «будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню» (Рым 14, 19), таму што еднасць вышэй за канфлікт[74].

89. Нялёгка будаваць евангельскі спакой, які не выключае нікога, але ахоплівае тых, хто крыху дзіўны, цяжкі і складаны, хто патрабуе ўвагі, хто адрозніваецца ад іншых, хто вельмі стомлены жыццём, у каго ёсць іншыя інтарэсы. Гэта цяжка, і патрабуе адкрытага розуму і сэрца, таму што гэта «будаванне згоды не на паперы ці нетрывалага спакою толькі для прывілеяванай меншасці»[75], і гэта «не праект, падрыхтаваны нямногімі і скіраваны да нямногіх»[76]. Гэта не ігнараванне або хаванне канфлікту, але «гэта яго прыняцце, вырашэнне і ператварэнне яго ў звяно, якое лучыць з новым працэсам»[77]. Трэба быць будаўніком спакою, таму што будаванне спакою — гэта мастацтва, якое патрабуе душэўнага спакою, крэатыўнасці, чуласці і ўмення.

Пашырэнне спакою вакол нас — гэта святасць!

«Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае»

90. Сам Езус падкрэслівае, што гэты шлях вядзе супраць цячэння да такой ступені, што мы становімся людзьмі, якія сваім жыццём задаюць пытанне грамадству, якія турбуюць. Езус нагадвае, як шмат людзей былі пераследаваныя і якіх пераследуюць толькі за тое, што яны змагаліся за справядлівасць, што жылі сваім запалам перад Богам і іншымі. Калі не хочам апускацца ў змрочную пасрэднасць, не будзем імкнуцца да камфортнага жыцця, бо «хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго» (Мц 16, 25).

91. Для таго, каб жыць паводле Евангелля, мы не можам чакаць, што ўсё вакол нас будзе спрыяць нам, таму што часта жаданне мець уладу і зямныя амбіцыі дзейнічаюць супраць нас. Св. Ян Павел II сказаў, што «адчужаным з’яўляецца грамадства, якое праз формы сацыяльнай арганізацыі, вытворчасці і спажывання ўскладняе рэалізацыю гэтага дару, а таксама будаванне салідарнасці паміж людзьмі»[78]. У такім адчужаным грамадстве, якое патрапіла ў няволю палітычных, медыйных, эканамічных, культурных і нават рэлігійных сістэм, якія перашкаджаюць сапраўднаму развіццю чалавека і грамадства, становіцца цяжка жыць благаслаўленнямі, і гэта нават выклікае неадабрэнне, падазронасць і высмейванне.

92. Крыж, асабліва боль і пакуты, якія мы зносім дзеля жыцця паводле запаведзяў любові і шляху справядлівасці, з’яўляецца крыніцай нашага сталення і асвячэння. Будзем памятаць, што, калі Новы Запавет кажа пра цярпенні, якія трэба зведаць за Евангелле, ён мае на ўвазе менавіта пераслед (Дз 5, 41; Флп 1, 29; Клс 1, 24; 2 Цім 1, 12; 1 П 2, 20; 4, 14­16; Ап 2, 10).

93. Але мы гаворым пра непазбежны пераслед, а не пра той, які мы можам справакаваць дрэнным стаўленнем да іншых. Святы не з’яўляецца нейкай эксцэнтрычнай асобай, адасобленай, якая робіцца невыноснай праз сваю ганарыстасць, негатыўны падыход і крыўды. Апосталы Хрыста не былі такімі. Кніга Дзеяў Апосталаў выразна кажа нам, што яны карысталіся сімпатыяй «усяго народу» (2, 47; пар 4, 21. 33; 5, 13), у той час як некаторыя ўлады гналі і пераследавалі іх (пар. 4, 1­3; 5, 17­18).

94. Пераслед — гэта не рэальнасць з мінулага, таму што сёння таксама мы пакутуем ад яго, ці то ў жорсткай форме, як многія сучасныя мучанікі, ці ў форме паклёпу і фальсіфікацыі. Езус кажа, што гэта благаслаўленне, «калі будуць вас зневажаць, перасле­даваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне» (Мц 5, 11). Часам маюцца на ўвазе здзекі, праз якія імкнуцца знявечыць нашу веру і высмеяць нас.

Штодзённае прыняцце шляху Евангелля, хоць гэта стварае для нас праблемы, — гэта святасць!

Вялікае правіла паводзінаў

95. У 25 раздзеле Евангелля паводле св. Мацвея (вв. 31­46) Езус зноў спыняецца на адным з благаслаўленняў, якое называе шчаслівымі міласэрных. Калі мы шукаем той святасці, якая падабаецца Богу, то ў гэтым тэксце мы можам знайсці правіла паводзінаў, на падставе якога нас будуць судзіць: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (25, 35­36).

За вернасць Настаўніку

96. Быць святым не азначае мець вочы, якія свецяцца ў меркаваным экстазе. Св. Ян Павел II сказаў, што «калі нашая дзейнасць паходзіць з сузірання Хрыста, то мы павінны навучыцца бачыць Яго перадусім у тых, з кім Ён сам хацеў быць ідэнтыфікаваны»[79]. Словы з Евангелля паводле св. Мацвея (25, 35­36) — «гэта не проста заклік да міласэрнасці: у іх змешчаны глыбокі хрысталагічны сэнс, які паказвае ў поўным ззянні таямніцу Хрыста»[80]. У гэтым закліку прызнаць Яго ва ўбогіх і церпячых адкрываецца сэрца Хрыста, Яго пачуцці і самыя глыбогія рашэнні, якія кожны святы спрабуе выканаць.

97. Улічваючы моц гэтых заклікаў Езуса, я павінен, як Яго намеснік, прасіць хрысціянаў шчыра прыняць і прызнаць іх, «sine glossa», гэта значыць, без каментарыяў, домыслаў і адгаворак, што пазбаўляе іх сілы. Пан сказаў нам вельмі ясна, што святасць нельга зразумець, пражыць па­за гэтымі Яго патрабаваннямі, бо міла­сэрнасць — гэта жывое «сэрца Евангелля»[81].

98. Калі я сустракаю чалавека, які спіць на вуліцы ў халодную ноч, я магу палічыць, што гэты «дзівак» — хтосьці выпадковы, хто нечакана ўзнікае на маім шляху, нягодны злачынец, перашкода, дакучлівыя церні майго сумлення, праблема, якую павінны вырашыць палітыкі, а, магчыма, нават смеццем, якое забруджвае грамадскую прастору. Але магу таксама мець рэакцыю, якая зыходзіць з веры і міласэрнасці, і прызнаць у гэтым чалавеку людскую істоту з такой жа годнасцю, як у мяне, бясконца ўмілаванае Айцом стварэнне, Божы вобраз, брата, адкупленага Хрыстом. Вось што зна­чыць быць хрысціянінам! Ці можам зразумець свя­тасць па­за гэтым жывым прызнаннем годнасці кожнага чалавека?[82]

99. Для хрысціянаў гэтая пастава азначае здаровую і пастаянную незадаваленасць. Хоць прынясенне палёгкі прынамсі адной асобе ўжо апраўдвае ўсе нашыя намаганні, аднак гэтага нам не дастаткова. Біскупы Канады выразна паказалі, што ў біблійным навучанні, напр., пра юбілей, маецца на ўвазе не толькі выкананне некаторых прыгожых практык, але імкненне да сацыяльнай перамены: «Каб таксама будучыя пакаленні былі вызваленыя, і зразумела, што мэтаю павінна стаць аднаўленне справядлівых сацыяльных і эканамічных сістэм, каб ужо не было выключэння»[83].

Ідэалогіі, якія калечаць сэрца Евангелля

100. Здараецца, на жаль, што ідэалогіі прыводзяць нас да дзвюх шкодных памылак. З аднаго боку, дыктуюць хрысціянам аддзяляць патрабаванні Евангелля ад іх асабістых адносінаў з Панам, ад духоўнай еднасці з Ім, ад ласкі. Такім чынам хрысціянства становіцца свайго роду неўрадавай арганізацыяй, пазбаўленай той цудоўнай духоўнасці, якой так прыгожа жылі і аб якой засведчылі св. Францішак Асізскі, св. Вінцэнт дэ Поль, св. Тэрэза з Калькуты і многія іншыя. У гэтых вялікіх святых ні малітва, ні любоў да Бога, ні чытанне Евангелля не зменшылі ахвярнага служэння бліжнім, а зусім наадварот.

101. Шкоднай і ідэалагізаванай з’яўляецца памылка тых, хто падазрона ставіцца да грамадскай актыўнасці іншых, лічыць яе чымсьці паказным, прыземленым, секулярызаваным, іманентным, камуністычным, папулістычным. Або тых, хто адносіцца да іх з рэлятывізмам, нібы ёсць іншыя, больш важныя рэчы, нібы толькі пэўная этыка ці меркаванне, якое яны самі абаранюяць, годныя ўвагі. Напраклад, абарона нявіннай істоты, якая яшчэ не нарадзіліся, павіннна быць яснай, цвёрдай і гарачай, таму што ў гэтым выпадку стаўка робіцца на годнасць чалавечага жыцця, заўсёды святога, і гэтага патрабуе любоў да кожнай асобы, незалежна ад этапу яе развіцця. Але святым з’яўляецца таксама жыццё ўбогіх, якія ўжо нарадзіліся і змагаюцца з беднасцю, пагардаю, адкідваннем, гандлем людзьмі, схаванай эўтаназіяй хворых і пажылых людзей, пазбаўленых апекі, з новымі формамі рабства і маргіналізацыі[84]. Мы не можам вызначаць сабе ідэал святасці, які б ігнараваў несправядлівасць у гэтым свеце, дзе некаторыя святкуюць, жывуць бесклапотна і зводзяць сваё жыццё да ўсё новага спажывання, у той час, як іншыя глядзяць на гэта толькі з боку, а іх жыццё праходзіць і заканчваецца марна.

102. Мы часта чуем, што, улічваючы рэлятывізм і абмежаванні сучаснага свету, становішча мігрантаў, напрыклад, павінна стаць маргінальнай праблемай. Некаторыя католікі сцвярджаюць, што гэта другарадная тэма ў параўнанні з «сур’ёзнымі» пытаннямі біяэтыкі. Такое можа сказаць палітык, занепакоены сваім поспехам, але не хрысціянін, якому належала б паставіць сябе на месца таго брата, які рызыкуе сваім жыццём, каб даць будучыню сваім дзецям. Ці можам мы прызнаць, што менавіта гэтага чакае ад нас Езус, калі кажа, што мы прымаем Яго самога ў кожным чужым (пар. Мц 25, 35)? Св. Бэнэдыкт прыняў гэта без агаворак і, хоць гэта магло «ўскладніць» жыццё манахаў, прыняў рашэнне, што ўсіх гасцей, якія прыбываюць ў кляштар, трэба прымаць «як Хрыста»[85], выказваючы гэта нават з дапамогай жэстаў пакланення[86], і каб з убогімі і пілігрымамі абыходзіліся «з найбольшым клопатам»[87].

103. Старазапаветны заклік гучыць падобна: «Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго, бо вы самі былі чужаземцамі ў зямлі егіпецкай» (Зых 22, 20). «А калі паселіцца побач з табою іншаземец на зямлі тваёй, не будзеш прыгнятаць яго. Як тутэйшы будзе для вас іншаземец, які жыве з вамі. Любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі на зямлі егіпецкай» (Лев 19, 33­34). Таму гэта не выдумка Папы або мімалётнае трызненне. Мы таксама ў дадзеным кантэксце пакліканы ісці шляхам асвячэння, які паказаў нам прарок Ісая, калі разважаў, што падабаецца Богу: «Дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў; каб апрануць голага, калі ўбачыш, і ад роднага свайго не хавацца. Тады заззяе, як золак, святло тваё» (Іс 58, 7­8).

Пакланенне, якое найбольш падабаецца Яму

104. Мы можам думаць, што аддаем хвалу Богу толькі праз праслаўленне і малітву, ці толькі праз захаванне пэўных этычных нормаў. Гэта праўда, што перавагу маюць адносіны з Богам. Аднак мы забываем, што крытэрыем ацэнкі нашага жыцця ёсць тое, што мы зрабілі для іншых. Малітва мае значэнне, калі яна корміць штодзённы дар любові. Нашае пакланенне падабаецца Богу, калі мы вырашаем жыць велікадушна і калі дазваляем, каб атрыманы праз Яго Божы дар выяўляўся ў прысвячэнні сябе братам.

105. Па той жа прычыне лепшым спосабам распазнавання, ці нашая дарога малітвы з’яўляецца сапраўднай, будзе тое, наколькі нашае жыццё змяняецца ў святле міласэрнасці. «Міласэрнасць — гэта не толькі чын Айца, але крытэрый, які дазваляе зразумець, кім з’яўляюцца Яго сапраўдныя дзеці»[88]. Яна з’яўляецца «архітравам, на які абапіраецца жыццё Касцёла»[89]. Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што міласэрнасць не толькі не выключае справядлівасці і праўды, але што «гэта паўната справядлівасці і найвыразнейшая маніфестацыя Божай праўды»[90]. Яна з’яўляецца «ключом да неба»[91].

106. Я не магу не ўспомніць пытанне, якое задаваў сабе св. Тамаш Аквінскі, калі разважаў, якое нашае дзеянне самае цудоўнае і які наш учынак найлепш паказвае нашую любоў да Бога. Ён без ваганняў адказаў, што гэта ўчынкі міласэрнасці адносна бліжняга[92], якія пераўзыходзяць акты пакланення: «Знешнія ахвяры і дары, як спосаб выяўлення пашаны, не прыносяцца Богу, быццам бы Ён іх патрабуе, але Бог жадае гэтага для нас, каб мы праз гэта вучыліся прысвячаць сябе Богу і задавольвалі патрэбы нашых блізкіх. Таму міласэрнасць, якая выяўляецца ў дапамозе патрабуючым, з’яўляецца больш прыемнай ахвярай для Бога, таму што непасрэдна датычыць патрэбаў бліжніх»[93].

107. Той, хто сапраўды хоча праславіць Бога сваім жыццём, хто сапраўды хоча стаць святым, каб яго жыццё ўслаўляла Святога, пакліканы да адрачэння, прысвячэння і працы, імкнучыся жыць учынкамі міласэрнасці. Гэта выдатна разумела св. Тэрэза з Калькуты: «Так, у мяне шмат чалавечых слабасцяў, шмат чалавечай галечы [...]. Але Ён прыніжае сябе і карыстаецца намі, табою і мною, каб мы былі ў свеце Яго любоўю і спачуваннем, нягледзячы на нашыя грахі, нягледзячы на нашую галечу і недахопы. Ён становіцца залежным ад нас, каб любіць свет і паказвае яму, як моцна Ён яго любіць. Калі мы будзем празмерна клапаціцца пра сябе, то ў нас не будзе часу для іншых»[94].

108. Геданістычнае спажывецтва можа зрабіць нам мядзвежую паслугу, бо мы, захопленыя тым, каб добра правесці час, у рэшце рэшт празмерна засяроджваемся на сабе, на нашых правах і патрабаваннях, каб мець вольны час на атрыманне асалоды ад жыцця. Нам цяжка будзе зацікавіцца і прысвяціць свае сілы дапамозе тым, хто знаходзіцца ў дрэннай сітуацыі, калі мы не будзем выхоўваць у сабе пэўнае ўстрыманне, калі не будзем змагацца з той хваробай, якую навязвае нам спажывецкае грамадства, каб прадаць нам рэчы, і якая ў выніку ператворыць нас у няшчасных незадаволеных, якія хочуць усё мець і ўсё паспрабаваць. Спажыванне павярхоўнай інфармацыі і формы хуткай і віртуальнай камунікацыі могуць таксама быць ашаламляльным фактарам, які адымае увесь наш час і адцягвае нас ад церпячага цела братоў. У гэтым сучасным бяздонні нанова гучыць Евангелле, каб даць нам іншае жыццё, больш здаровае і шчаслівае.

* * *

109. Сіла сведчання святых заключаецца ў жыцці благаслаўленнямі і згодна з правіламі, паводле якіх мы будзем асуджаныя падчас Апошняга суда. Гэта кароткія словы, простыя, але практычныя і важныя для ўсіх, таму што хрысціянства ў першую чаргу заключаецца ў тым, каб жыць ім. А калі з’яўляецца прадметам разважанняў, то такое разважанне мае вартасць толькі тады, калі дапамагае нам жыць Евангеллем у штодзённым жыцці. Горача заахвочваю да частага чытання тых цудоўных біблійных тэкстаў, каб запомніць іх, каб маліцца імі і старацца рэалізаваць іх. Яны стануць для нас карыснымі і зробяць нас па­сапраўднаму шчаслівымі.

Раздзел IV

НЕКАТОРЫЯ РЫСЫ СВЯТАСЦІ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

110. У межах вялікай карціны святасці, якую прапануюць нам благаслаўленні і 25 раздзел Евангелля паводле св. Мацвея (вв. 31­46), я хацеў бы падагульніць некаторыя рысы, ці духоўныя фармуліроўкі, якія, на мой погляд, маюць важнае значэнне для разумення ладу жыцця, да якога заклікае нас Пан. Я не буду спыняцца на тлумачэнні дарог асвячэння, якія мы ўжо ведаем: розныя спосабы малітвы, разуменне каштоўнасці сакрамэнтаў Эўхарыстыі і паяднання, ахвяраванне адрачэнняў, розныя формы пабожнасці, духоўнае кіраўніцтва і шмат іншага. Згадаю толькі некаторыя аспекты паклікання да святасці, якія, спа­дзяюся, прагучаць асаблівым чынам.

111. Рысы, якія я хацеў бы падкрэсліць, не ствараюць вычарпальных узораў святасці, але з’яўляюцца пяццю цудоўнымі праявамі любові да Бога і бліжняга, якія я лічу асабліва важнымі, улічваючы кантэкст некаторых небяспек і абмежаванняў сучаснай культуры. У ёй узнікаюць: нервовы і гвалтоўны неспакой, які не дазваляе нам засяродзіцца і аслабляе нас; негатыўнае стаўленне і сум; зручная, спажывецкая і эгаістычная нуда (acedia); індывідуалізм і многія формы ілжывай духоўнасці, пазбаўленай сустрэчы з Богам, якія існуюць у сучаснай рэлігійнай прасторы.

Вытрымка, цярплівасць і лагоднасць

112. Першая з гэтых вялікіх рысаў — гэта пастаянная засяроджанасць на Богу, які любіць і падтрымлівае, і моцнае трыванне ў Ім. З такой унутранай сілай можна вынесці і вытрымаць няўдачы, жыццёвыя непрыемнасці, а таксама агрэсію з боку іншых, іх здрады і слабасці: «Калі Бог за нас, хто супраць нас?» (Рым 8, 31). Гэта крыніца спакою, які выяўляецца ў паставе святога. Дзякуючы гэтай унутранай стабільнасці сведчанне святасці ў нашым дынамічным, зменлівым і агрэсіўным свеце становіцца бачным праз цярплівасць і трыванне ў добрым. Гэта вернасць у любові, бо той, хто абапіраецца на Бога (pistis) можа быць таксама верным брата2м (pisto2s); ён не пакідае іх у цяжкія хвіліны, ён не паддаецца неспакою і застаецца з іншымі, нават калі гэта не дае яму імгненнага задавальнення.

113. Св. Павел заклікае хрысціянаў Рыма: «Нікому не адплачвайце злом за зло» (Рым 12, 17), каб яны не помсцілі за сябе (пар. в. 19), каб зло не перамагло іх, але каб яны перамагалі зло дабром (пар. в. 21). Такая пастава не сведчыць пра слабасць, але пра сапраўдную сілу, таму што сам Бог «цярплівы і магутны ў сіле» (Нвм 1, 3). Божае слова заклікае нас: «Усякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю» (Эф 4, 31).

114. Мы павінны быць уважлівымі і змагацца са сваімі агрэсіўнымі і эгацэнтрычнымі схільнасцямі, каб не дазволіць ім укараніцца ў нас: «Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым» (Эф 4, 26). Калі нас прыгнятаюць абставіны, мы заўсёды можам звярнуцца да якара, якім з’яўляецца малітва­просьба, якая вядзе нас, каб мы зноў апынуліся ў руках Бога і паблізу крыніцы спакою: «Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам. І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя» (Флп 4, 6­7).

115. Хрысціяне таксама могуць стаць часткай сеткі вербальнага гвалту ў Інтэрнэце і на розных форумах ці ў віртуальнай прасторы. Нават каталіцкія медыі могуць перайсці межы, праявіць талерантнасць да паклёпаў і здзекаў, і здаецца, што павага да рэпутацыі іншых не падлягае якім­небудзь этычным нормам. Такім чынам, узнікае небяспечны дуалізм, таму што ў гэтых сетках гучаць словы, якія ніколі б не былі дапушчаныя ў грамадскім жыцці, і праз іх выяўляецца намаганне кампенсаваць сваю незадаволенасць, з лютасцю рэалізаваць жаданне помсты. Варта адзначыць, што часам, жадаючы абараніць іншыя запаведзі, цалкам ігнаруецца восьмая: «Не сведчы фальшыва» і бязлітасна знішчаецца вобраз бліжніх. Гэта паказвае, што язык без кантролю становіцца «светам зла» і «запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены» (Як 3, 6).

116. Унутраная вытрываласць, якая з’яўляецца справай ласкі, захоўвае нас ад заразы гвалту, якая працяла грамадскае жыццё, бо ласка ўціхамірвае пыху і дае магчымасць сэрцу стаць лагодным. Святы не марнуе сваёй энергіі, каб наракаць на памылкі іншых; ён здольны захоўваць маўчанне, калі бачыць недахопы братоў, і пазбягае абразлівых словаў, якія знішчаюць і прыніжаюць, бо не лічыць сябе годным быць суровым да іншых, але лічыць іх вышэйшымі за сябе (пар. Флп 2, 3).

117. Няма нам карысці з таго, што будзем глядзець звысоку на іншых, прымаць на сябе ролю няўмольных суддзяў, лічыць іншых нявартымі і спрабаваць пастаянна павучаць іх. Гэта незаўважная форма гвалту[95]. Св. Ян ад Крыжа прапанаваў штосьці іншае: «Лепш жадай, каб усе цябе павучалі, чым — хоць бы найменшага — павучаць самому»[96]. І дадаў параду, як стрымаць д’ябла: «Радуйся выгадзе іншых, як сваёй, шчыра жадай, каб ва ўсім узвышалі іншых, а не цябе. Так пераможаш зло дабром, адкінеш далёка сатану і здабудзеш ра­дасць духу. Удасканальвайся ў гэтым, асабліва ў зносінах з тымі, хто найменш падабаецца табе. Калі не будзеш гэтага трымацца, — будзь упэўнены, — не дойдзеш да сапраўднай любові і не ўдаскналішся ў ёй. Ведай, калі гэтага не выканаеш, не дасягнеш сапраўднай любові і нават не скарыстаеш з яе»[97].

118. Пакора можа ўкараніцца ў сэрцы толькі праз прыніжэнні. Без іх няма ні пакоры, ні святасці. Калі не можаш знесці і ахвяраваць пэўныя прыніжэнні, ты не маеш пакоры і не ідзеш шляхам святасці. Свя­тасць, якой Бог адорвае свой Касцёл, прыходзіць праз прыніжэнне Яго Сына — вось шлях. Прыніжэнне вядзе да прыпадабнення да Езуса, з’яўляецца непазбежнай часткай неследавання Хрыста: «Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім» (1 П 2, 21). Са свайго боку, Ён паказвае пакору Айца, які прыніжае сябе, каб ісці са сваім народам, церпіць яго здраду і нараканні (пар. Зых 34, 6­9; Мдр 11, 23 – 12, 2; Лк 6, 36). Вось чаму Апосталы пасля прыніжэння «пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя» (Дз 5, 41).

119. Я маю на ўвазе не толькі сітуацыі жахлівага мучаніцтва, але таксама штодзённае прыніжэнне тых, хто маўчыць дзеля выратавання сваёй сям’і, ці не кажуць добра пра сябе, бо жадаюць хваліць іншых замест таго, каб хваліць сябе, аддаюць перавагу менш пачэсным абавязкам, а часам нават жадаюць зносіць нейкую несправядлівасць, каб ахвяраваць гэта Пану: «Калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога» (1 П 2, 20). Гэта не азначае, што трэба хадзіць з апу­шчанай галавой, быць маласлоўным ці ўцякаць ад таварыства. Часам менавіта той, хто вольны ад эгаізму, можа мець адвагу прыгожа дыскутаваць, патраба­ваць справядлівасці ці абараняць слабых ад моцных, нягледзячы на тое, што гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў для яго іміджу.

120. Я не кажу, што прыніжэнне — гэта штосьці прыемнае, бо гэта было б мазахізмам, але я кажу пра спосаб наследавання Езуса і пра паглыбленне еднасці з Ім. Немагчыма зразумець гэта на натуральным узроўні, а свет высмейвае такую прапанову. Прыняцце прыніжэння з’яўляецца ласкай, аб якой мы павінны прасіць: «Пане, калі напаткаюць мяне прыніжэнні, дапамажы мне адчуць, што я іду за Табою, Тваім шляхам».

121. Такая пастава мае на ўвазе сэрца, супакоенае Хрыстом, свабоднае ад агрэсіі, якая вынікае з вялізнага «я». Супакаенне, якое прыходзіць праз ласку, дазваляе нам захаваць унутраную ўпэўненасць і трываць у добрым, «калі нават пайду далінай смяротнага ценю» (Пс 23 [22], 4) ці нават «калі выступіць супраць мяне войска» (Пс 27 [26], 3). Моцныя ў Пану, Скале, мы можам спяваць: «Калі кладуся, спакойна засынаю, бо толькі Ты, Пане, дазваляеш мне жыць бяспечна» (Пс 4, 9). Адным словам, Хрыстус — «спакой наш» (Эф 2, 14), і прыйшоў, «каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 79). Ён сказаў св. Фаустыне Кавальскай: «Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці»[98]. Не будзем паддавацца спакусе шукаць ўнутраную ўпэўненасць у поспеху, у пустых задавальненнях, у валоданні, у панаванні над іншымі ці ў грамадскім іміджы: «Спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю» (Ян 14, 27).

Радасць і пачуццё гумару

122. Сказанае вышэй не азначае замкнёнага, сумнага, горкага, меланхалічнага духу або ўласнага занядбання, адсутнасці энергіі. Святы здольны жыць у поўнай радасці і з пачуццём гумару. Не губляючы рэалізму, ён нясе іншым станоўчы і поўны надзеі настрой. Быць хрысціянінам — значыць мець «радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17), таму што «любоў да міласэрнасці абавязкова прыносіць радасць, бо кожны каханы радуецца разам з каханым [...]. Таму радасць з’яўляецца вынікам міласэрнасці»[99]. Мы атрымалі прыгажосць Яго словаў і прынялі іх «у вялікім уціску з радасцю Духа Святога» (1 Тэс 1, 6). Калі мы дазволім Пану дастаць нас з нашай абалонкі і змяніць нашае жыццё, то зможам выканаць тое, аб чым прасіў св. Павел: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!» (Флп 4, 4 ).

123. Прарокі прадказвалі час Езуса, які мы будзем перажываць, як аб’яўленне радасці: «Весяліся і радуйся» (Іс 12, 6). «Узыйдзі на высокую гару, Сіён, які нясеш добрыя весткі! Зрабі моцным голас свой, Ерузалем, які нясеш добрыя весткі!» (Іс 40, 9). «Спявайце, нябёсы, і весяліся, зямля! Горы, усклікніце ад радасці! Бо Пан суцешыў свой народ» (Іс 49, 13). «Радуйся моцна, дачка Сіёна, весяліся, дачка Ерузалема: вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы і збаўчы, пакорны» (Зах 9, 9). І не забывайма пра заахвочванне Нээміі: «Не смуткуйце, бо радасць у Пану — гэта ваша сіла!» (Нм 8, 10).

124. Марыя, якая ўмела ўбачыць навізну, якую прынёс Езус, спявала: «Узрадаваўся дух мой у Богу» (Лк 1, 47), а сам Езус «узрадаваўся ў Духу Святым» (Лк 10, 21). Калі праходзіў міма, «увесь народ радаваўся» (Лк 13, 17). Пасля Яго ўваскрасення, там, дзе знаходзіліся вучні, «была вялікая радасць» (Дз 8, 8). Езус дае нам упэўненасць: «Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць. [...] Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас» (Ян 16, 20. 22). «Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай» (Ян 15, 11).

125. Існуюць цяжкія моманты, часы крыжа, але нішто не можа знішчыць гэтай звышпрыроднай радасці, якая «дастасоўваецца і змяняецца, і заўсёды застаецца як бы промнем святла, які нараджаецца з асабістай упэўненасці ў тым, што нас бязмежна любяць па­над усё»[100]. Гэтую ўнутраную ўпэўненасць, поўную надзеі і спакою, якая прыносіць духоўнае задавальненне, немагчыма зразумець паводле крытэрыяў свету.

126. Звычайна, хрысціянская радасць суправаджаецца пачуццём гумару, што вельмі бачна на прыкла­дзе св. Томаса Мора, св. Вінцэнта дэ Поля ці св. Філіпа Нэры. Дрэнны настрой не з’яўляецца знакам святасці: «Аддаляй смутак ад сэрца свайго!» (Экл 11, 10). Мы так шмат атрымліваем ад Пана «для карыстання» (1 Цім 6, 17), што часам наш смутак звязаны з няўдзячнасцю з нашага боку, з тым, што мы вельмі замкнёныя ў сабе, што мы няздольныя прыняць Божыя дары[101].

127. Яго бацькоўская любоў заклікае нас: «Сыне, [...] дбай пра сябе. Не адмаўляйся ад цяперашняга шчасця» (пар. Сір 14, 11. 14). Ён хоча, каб мы былі настроеныя станоўча, каб былі ўдзячнымі і не занадта складанымі: «У дзень дабрабыту, радуйся дабрабыту [...]. Бог стварыў чалавека праведным; гэта людзі пачалі шукаць розных выдумак» (пар. Экл 7, 14. 29). Пры любых абставінах мы павінны захоўваць эластычнасць і рабіць, як св. Павел: «...навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць» (Флп 4, 11). Менавіта гэта адчуваў св. Францішак Асізскі, бо быў здольны прыгожа па­дзякаваць за кавалак чэрствага хлеба або праславіць Бога за шчасце, што вецер біў яму ў твар.

128. Я не кажу пра радасць спажывецкую ці інды­відуалістычную, якая вельмі распаўсюджана ў сённяшняй культуры. Спажывецтва толькі абцяжарвае сэрца. Яно можа даць выпадковае і мімалётнае задавальненне, але не радасць. Я маю на ўвазе тую ра­дасць, якая жыве ў супольнасці, якой дзеляцца з іншымі, таму што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!» (Дз 20, 35), «бо радаснага даўцу любіць Бог» (2 Кар 9, 7). Братэрская любоў павялічвае нашую здольнасць радавацца, бо дазваляе нам радавацца дабру іншых: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15). Мы «радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя» (2 Кар 13, 9). Але з другога боку, калі мы «засяроджваемся перадусім на нашых уласных патрэбах, мы асуджаныя на жыццё з мінімальнай радасцю»[102].

Смеласць і энтузіязм

129. Святасць з’яўляецца таксама парэсіяй: гэта смеласць, гэта евангелізацыйны энтузіязм, які пакідае след у гэтым свеце. Каб гэта стала магчымым, сам Пан Езус выходзіць нам насустрач і настойліва паўтарае з душэўным спакоем: «Не бойцеся» (Мк 6, 50). «І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтыя словы дазваляюць нам пілігрымаваць і служыць з такой адвагаю, якую Дух Святы абудзіў у Апосталаў для абвяшчэння Езуса Хрыста. Смеласць, энтузіязм, уменне свабодна гаварыць з апостальскім запалам — усё гэта змешчана ў слове парэсія, якім Біблія называе таксама ўменне жыць адкрыта, быць даступнымі для Бога і братоў (пар. Дз 4, 29; 9, 28; 28, 31; 2 Кар 3, 12; Эф 3, 12; Гбр 3, 6; 10, 19).

130. Бл. Павел VI сярод перашкод на шляху евангелізацыі называе менавіта адсутнасць парэсіі: «адсутнасць дбайнасці [...] больш балючая, таму што ідзе знутры»[103]. Як часта мы адчуваем жаданне застацца на ціхім беразе! Але Пан заклікае нас адплысці на глыбіню і закінуць сеткі ў больш глыбокіх водах (пар. Лк 5, 4). Ён запрашае нас прысвяціць сваё жыццё служэнню Яму. Трымаючыся Яго, мы адчуваем заахвоту аддаць усе нашыя харызмы служэнню іншым. Каб толькі мы змаглі адчуць сябе ахопленымі Яго любоўю (пар. 2 Кар 5, 14), каб маглі сказаць разам са св. Паўлам: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).

131. Паглядзім на Езуса: Яго глыбокае спачуванне не было чымсьці, што засяроджвала Яго на самім сабе, не было спачуваннем, якое паралізуе, палохае ці напаўняе сорамам, як гэта часта здараецца з намі. Наадварот. Гэта было спачуванне, якое заахвочвала Яго забыцца пра сябе дзеля таго, каб абвяшчаць, быць пасланым на місію, каб вылечваць і вызваляць. Прызнаем нашую слабасць, але дазволім Езусу, каб Ён узяў яе ў свае рукі і паслаў нас на місію. Мы — слабыя істоты, але нясём у сабе скарб, які робіць нас цудоўнымі і можа зрабіць яшчэ лепшымі і больш шчаслівымі тых, хто атрымлівае яго. Смеласць і апостальская мужнасць характарызуюць гэтую місію.

132. Парэсія — гэта пячаць Духа, сведчанне праў­дзівасці прапаведавання. Яна — шчаслівае перакананне, што вядзе нас да славы ў Евангеллі, якое мы абвяшчаем, гэта непахісная ўпэўненасць у вернасці праўдзівага Сведкі, які запэўнівае: нішто «не зможа адлучыць нас ад любові Божай» (Рым 8, 39).

133. Нам неабходны імпульс Духа, каб страх і раз­лік не паралізаваў нас, каб мы не прызвычаіліся дзейнічаць толькі ў бяспечных межах. Памятайма, што ў замкнёнай прасторы ўрэшце заводзіцца цвіль, якая выклікае хваробу. Калі Апосталы адчувалі спакусу паддацца паралічу страху перад пагрозамі, яны разам маліліся і прасілі аб парэсіі: «Цяпер, Пане, паглядзі на іхнія пагрозы і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць Тваё слова» (Дз 4, 29). І адказ быў такі: «Калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова» (Дз 4, 31).

134. Як прарок Ёна, так і мы заўсёды маем у сабе прыхаваную спакусу ўцячы ў бяспечнае месца, якое можа мець шмат імёнаў: індывідуалізм, спірытызм, замкнёнасць у сваім свеце, залежнасці, уладкаванне, паўтарэнне замацаванных схем, дагматызм, настальгія, песімізм, зварот да правілаў. Часта нам цяжка выйсці па­за добра вядомае нам і даступнае кола. Аднак гэтыя цяжкасці могуць нагадваць нам буру, кіта ці чарвяка, з прычыны якога высах клешчавінны куст Ёны, або вецер і сонца, з­за якіх у яго разбалелася галава. Як у яго выпадку, яны могуць прычыніцца да нашага вяртання да Бога, які ёсць чулым і які хоча весці нас дарогай няспыннага аднаўлення.

135. Бог — гэта заўсёды нешта новае, што штурхае нас зноў пайсці і змяніць месца, каб выйсці па­за тое, што вядома, на перыферыі і да межаў. Ён вядзе нас туды, дзе чалавецтва найбольш церпіць і дзе людзі, нягледзячы на ўяўную павярхоўнасць і канфармізм, працягваюць шукаць адказ на пытанне пра сэнс жыцця. Бог не баіцца! Ён не палохаецца! Ён заўсёды выхо­дзіць за рамкі нашых схем і не баіцца перыферыі. Сам стаў перыферыяй (пар. Флп 2, 6­8; Ян 1, 14). І калі мы адважымся выйсці на ўскраіну, то знойдзем Яго там: Ён ужо там будзе. Езус апярэджвае нас у сэрцы нашага брата, у яго скалечаным целе, у яго прыгнечаным жыцці, у яго цёмнай душы. Ён ужо там.

136. Безумоўна, трэба адкрыць дзверы сэрца для Езуса Хрыста, бо Ён стукае і кліча (пар. Ап 3, 20). Але я часам думаю, ці Езус — з прычыны створанай намі нязноснай атмасферы засяроджвання на сабе — не пачне стукаць, каб мы Яго выпусцілі. У Евангеллі мы бачым, як Езус «праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Ва­ладарства Божае» (Лк 8, 1). Таксама пасля ўваскрасення, калі вучні разышліся ва ўсіх напрамках, «Пан садзейнічаў ім» (Мк 16, 20). Гэта дынаміка, якая нара­джаецца з рэальнай сустрэчы.

137. Звычка спакушае нас і кажа, што спробы штосьці змяніць не маюць сэнсу, што ў дадзенай сітуацыі мы нічога не можам зрабіць, што заўсёды так было, і што мы, тым не менш, выжылі. З­за звычкі мы ўжо не змагаемся супраць зла і дазваляем, «каб усё заставалася, так як ёсць», ці так, як вырашылі некаторыя. Але дазволім прыйсці Пану і абудзіць нас, каб Ён ускалыхнуў нашую анямеласць, вызваліў нас ад бяз­дзеяння. Кінем выклік звычкам, адкрыем вочы і вушы, асабліва сэрцы, каб нас кранула тое, што адбываецца вакол нас, а таксама каб нас крануў заклік жывога і плённага слова Уваскрослага.

138. Заахвочвае прыклад многіх святароў, законных сясцёр і свецкіх асобаў, якія з вялікім адданем прысвячаюць сябе прапаведаванню і служэнню, часта рызыкуючы сваім жыццём і, напэўна, коштам сваёй выгоды. Іх сведчанне нагадвае нам, што Касцёлу непатрэбна шмат бюракратаў і чыноўнікаў, але патрэбны руплівыя місіянеры, ахопленыя энтузіязмам абвяшчэння сапраўднага жыцця. Святыя здзіўляюць, вырываюць з ужо наладжанага існавання, бо іх жыццё заклікае нас пакінуць спакойную і амярцвелую пасрэднасць.

139. Будзем прасіць Пана аб ласцы, каб празмерна не вагацца, калі Дух Святы папросіць нас зрабіць крок наперад. Будзем прасіць аб апостальскай мужнасці абвяшчаць Евангелле іншым і адмовіцца ад ператварэння нашага хрысціянскага жыцця ў музей успамінаў. Дазволім Духу Святому ў кожнай сітуацыі дапамагаць нам сузіраць гісторыю з пункту гледжання ўваскрослага Езуса. Праз гэта Касцёл, замест трывання ў стагнацыі, зможа рухацца наперад, прымаючы нечаканыя дары ад Пана.

У супольнасці

140. Вельмі цяжка, будучы ізаляванымі, змагацца з уласнай пажадлівасцю, з хітрыкамі і спакусамі д’ябла і эгаістычнага свету. Нас так моцна бамбардзіруюць спакусы, што, калі мы занадта самотныя, то паддаёмся ім, лёгка губляючы пачуццё рэальнасці і ўнутранай яснасці.

141. Асвячэнне — гэта шлях супольнасці, які трэба прайсці разам. Менавіта так здзяйсняюць яго некаторыя святыя супольнасці. З розных нагодаў Касцёл кананізаваў цэлыя групы асобаў, якія гераічна рэалізавалі ў жыцці Евангелле або ахвяравалі Богу жыццё ўсіх сваіх членаў. Згадаем, напрыклад, сем святых Заснавальнікаў ордэна Слугаў Найсв. Панны Марыі (сэрвітаў), сем благаслаўлёных законніц першага кляштара Адведзінаў Найсв. Панны Марыі ў Мадры­дзе, св. Паўла Мікі і яго паплечнікаў, мучанікаў Японіі, св. Андрэя Кім Таэгона і яго паплечнікаў, мучанікаў Карэі, св. Роха Гансалеса і яго паплечнікаў, мучанікаў Паўднёвай Амерыкі. Успомнім таксама нядаўняе сведчанне манахаў трапістаў з Тыбірына (Алжыр), якія разам падрыхтаваліся да мучаніцтва. Ёсць таксама шмат святых сужэнстваў, у якіх адзін з сужонкаў быў прыладаю Хрыста ў асвячэнні другога. Жыццё ці праца з іншымі людзьмі — гэта, безумоўна, шлях духоўнага развіцця. Св. Ян ад Крыжа сказаў аднаму з вучняў: ты жывеш сярод іншых, «каб яны ўсе цябе трэніравалі і шліфавалі»[104].

142. Супольнасць паклікана стварыць тую «тэалагічную прастору, у якой можна адчуць містычную прысутнасць уваскрослага Пана»[105]. Сумеснае разважанне над Словам і сумесная цэлебрацыя Эўхарыстыі робяць нас у большай ступені братамі і ператвараюць нас у святую і місіянерскую супольнасць. Гэта стварае таксама магчымасць для набыцця сапраўднага містычнага вопыту ў супольнасці, як гэта было ў выпадку св. Бэнэдыкта і св. Схаластыкі, ці той далікатнай духоўнай сустрэчы, якую перажылі разам св. Аўгустын і яго маці, св. Моніка: «Калі набліжаўся дзень яе непазбежнага адыходу з гэтага свету — Ты ведаў гэты дзень, але мы пра яго не ведалі — сталася, як думаю, паводле Тваёй таемнай пастановы, што мы засталіся адныя і стаялі, абапёршыся на акно, праз якое быў бачны ўнутраны дворык дому, дзе мы жылі [...]. У тузе мы адкрылі нашыя сэрцы для нябеснага патоку, які выцякаў з Тваёй крыніцы, крыніцы жыцця, якая ёсць у Табе [...]. І калі мы так у палымянай тузе казалі пра яе [Мудрасць], мы адчулі яе на кароткую хвіліну ўсім парывам сэрца [...] так, што вечнае жыццё падалося нам абсалютна тым, чым была для нас гэтая хвіліна зразумення, па якой мы так сумавалі»[106].

143. Але гэтыя перажыванні не з’яўляюцца частымі ці самымі важнымі. Сумеснае жыццё, ці ў сям’і, ці ў парафіі, ці ў законнай супольнасці, ці ў якой­небудзь іншай складаецца з мноства дробных, штодзённых дэталяў. У гэтым заключалася жыццё святой супольнасці, якую стваралі Езус, Марыя і Юзаф, у якой як узор прадстаўлена прыгажосць трынітарнай еднасці. Тое ж самае было ў супольным жыцці Езуса з Яго вучнямі і звычайнымі людзьмі.

144. Успомнім, як Езус заахвочваў сваіх вучняў звяртаць увагу на дэталі.

Маленькая дэталь — на вяселлі закончылася віно.

Маленькая дэталь — згубілася адна авечка.

Маленькая дэталь — удава ахвяравала дзве дробныя манеты.

Маленькая дэталь — запас алею для лямпаў у выпадку, калі спазняўся жаніх.

Маленькая дэталь — пытанне да вучняў, колькі яны маюць хлябоў.

Маленькая дэталь — гарачыя вуглі, а на іх — рыба, якую прыгатаваў Езус для вучняў на світанні.

145. Супольнасць, якая захоўвае дробныя дэталі любові[107] і ў якой яе члены клапоцяцца адзін аб адным і стварыць адкрытую і евангелізацыйную прастору, з’яўляецца месцам прысутнасці Уваскрослага, які асвячае яе паводле плану Айца. Часам, дзякуючы дару любові Пана, пасярод гэтых дробных дэталяў мы атрымліваем дар суцяшальнага адчування Бога: «Аднойчы зімовым вечарам я, як звычайна, выконвала сваю маленькую паслугу [...]. Раптам пачула далёкае гучанне музычнага інструмента. Я ўявіла сабе светлую гасцёўню, якая блішчэла золатам, а таксама дзяўчат, апранутых у вытанчаныя шаты, якія рабілі адна адной кампліменты і гаварылі ветлівыя словы. Затым я паглядзела на бедную хворую, якую падтрымлівала; замест мелодыі я пачула яе пранікнёныя скаргі [...]. Я не магу выказаць тое, што адбылося ў маёй душы, ведаю толькі, што Пан асвяціў мяне промнямі праўды, якія так пераўзыходзілі цьмяны бляск зямных забаваў, што я не магла паверыць свайму шчасцю»[108].

146. Насуперак тэндэнцыі да спажывецкага індывідуалізму, які ізалюе нас у імкненні да дабрабыту, да якога іншыя не маюць доступу, наш шлях асвячэння павінен няспынна атаясамлівацца з жаданнем Езуса: «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе» (Ян 17, 21).

У няспыннай малітве

147. Урэшце, хоць гэта здаецца відавочным, давайце ўспомнім, што элементам святасці з’яўляецца пастаянная адкрытасць на трансцэндэнтнасць, якая выяўляецца ў малітве і адарацыі. Святы — гэта чалавек малітоўнага духу, якому неабходны зносіны з Богам. Гэта чалавек, які не вытрымлівае ўціску ў замкнёнай іманентнасці гэтага свету, і сярод сваіх намаганняў і прысвячэння сябе іншым, ён сумуе па Богу, выхо­дзіць па­за свае абмежаванні, аддаючы хвалу Богу, таксама пашырае свае межы ў сузіранні Пана. Я не веру ў святасць без малітвы, хоць і не абавязкова, каб яна была доўгай ці каб яна суправаджалася моцным узрушэннем.

148. Св. Ян ад Крыжа рэкамендаваў «імкнуцца жыць заўсёды ў прысутнасці Бога, рэальнай або ўяўнай ці яднаючай, у адпаведнасці са здзейсненымі ўчынкамі»[109]. На самай справе, гэтая прага Бога не можа не выявіцца нейкім чынам у нашым штодзённым жыцці: «Старайся заўсёды трываць у малітве і не занядбоўвай яе падчас фізічных прац. Ці ясі, ці п’еш, ці размаўляеш, ці маеш справы са свецкімі, ці робіш штосьці іншае, старайся заўсёды імкнуцца да Бога і скіроўваць да Яго пачуцці свайго сэрца»[110].

149. Аднак, каб гэта стала магчымым, неабходна таксама прысвяціць нейкі час толькі Богу, сам­насам з Ім. Для св. Тэрэзы Авільскай малітва была «наладжваннем сяброўства, шматразовым наладжваннем яго сам­насам з тым, хто, як мы ведаем, любіць нас»[111]. Я хацеў бы падкрэсліць, што яна існуе не толькі для прывілеяванай меншасці, але даступная для ўсіх, таму што «мы ўсе патрабуем гэтага маўчання, напоўненага прысутнасцю Бога, якому пакланяемся»[112]. Даверлівая малітва з’яўляецца адказам сэрца, якое адкрываецца на Бога ў асабовых адносінах, калі замаўкаюць усе галасы, каб слухаць салодкі голас Пана, які гучыць у цішыні.

150. У такой цішыні ў святле Духа можна распазнаць шляхі святасці, якія прапануе нам Пан. У адваротным выпадку, усе нашыя рашэнні будуць толькі «дэкарацыямі», якія, замест таго, каб узвышаць Евангелле ў нашым жыцці, закрыюць яе ці заглушаць. Кожны вучань абавязкова павінен быць з Настаўнікам, каб слухаць Яго, вучыцца ў Яго, каб заўсёды вучыцца. Калі мы не слухаем, усе нашыя словы будуць толькі бескарысным гоманам.

151. Будзем памятаць, што «гэтае сузіранне аблічча Езуса, які памёр і ўваскрос, нанова стварае нашую чалавечнасць, нават з таго разбітага праз выпрабаванні або абцяжаранага грахом жыцця. Мы не павінны прызвычайвацца да моцы Хрыстовага аблічча»[113]. Таму я хацеў бы спытаць: ці ёсць моманты, калі ты становішся перад Ім у маўчанні, застаешся з Ім без спеху і дазваляеш Яму глядзець на цябе? Ці дазваляеш, каб Яго полымя распаліла тваё сэрца? Калі ты не дазволіш Яму падтрымліваць у тваім сэрцы цяпло любові і пяшчоты, то не будзеш мець гэтага полымя, і як жа ты зможаш тады запаліць сэрцы іншых людзей сваім сведчаннем і словамі? А калі перад абліччам Хрыста ты не зможаш вылечыць і перамяніць сябе, то пранікні ўглыб Пана, увайдзі ў Яго раны, таму што там жыве Божая міласэрнасць[114].

152. Аднак я малюся, каб мы не разумелі малітоўную цішыню як спосаб уцёкаў ад навакольнага свету. «Рускі пілігрым», які няспынна маліўся ў дарозе, казаў, што малітва не аддзяляе яго ад знешняй рэальнасці: «Калі мне выпадала сустрэцца з людзьмі, то яны ўсе без выключэння здаваліся мне такімі мілымі, быццам бы маімі роднымі [...] Бо я не толькі адчуваў яе [раскошу] ў сваёй душы, але ўсё, што было звонку, здавалася мне чымсьці цудоўным»[115].

153. Гісторыя не знікае. Малітва, менавіта таму, што сілкуецца Божым дарам, які аб’яўляецца ў нашым жыцці, заўсёды павінна ўзбагачацца памяццю. Памяць аб Божых справах з’яўляецца асновай досведу запавету паміж Богам і Яго народам. Бог пажадаў увайсці ў гісторыю, а малітва вытканая з успамінаў. Не толькі з успамінаў пра аб’яўленае Слова, але таксама пра нашае асабістае жыццё, жыццё іншых людзей, пра тое, што Пан здзейсніў у сваім Касцёле. Гэта ўдзячная памяць, пра якую кажа таксама Ігнацый Лаёла ў сваім «Сузіранні дзеля дасягнення любові»[116], калі просіць нас прыгадаць усе дабрадзействы, якія мы атрымалі ад Пана. Прыгледзься да сваёй гісторыі, калі молішся, і ў ёй знойдзеш шмат міласэрнасці. Гэта таксама ўмацуе тваё перакананне, што Пан памятае пра цябе і ніколі не забывае. Таму варта папрасіць Яго асвятліць нават дробныя дэталі твайго жыцця, якія бачны Яму.

154. Просьба — гэта рух сэрца, якое давярае Богу, якое ведае, што ўласнымі сіламі не справіцца. У жыцці вернага Божага народу мы знаходзім шмат просьбаў, поўных веры, пяшчоты і глыбокага даверу. Мы не адмаўляем каштоўнасці малітвы­просьбы, якая шмат разоў прыносіць спакой у нашыя сэрцы і дапамагае нам ісці наперад і з надзеяй працягваць змаганне. Малітва заступніцтва мае асаблівае значэнне, паколькі з’яўляецца актам даверу Богу, а таксама выразам любові да бліжняга. Некаторыя з­за спірытычнай праду­зятасці перакананыя, што малітва павінна быць чыстым сузіраннем Бога, без рассейвання, быццам імёны і твары братоў з’яўляюцца перашкодай, якой трэба пазбегнуць. Наадварот, праўда ў тым, што малітва больш спадабаецца Богу і будзе больш асвячальнай, калі ў ёй праз заступніцтва мы пастараемся жыць паводле падвойнай запаведзі любові, якую даў нам Езус. Заступніцтва будзе выразам нашай братняй прыхільнасці да бліжніх, калі мы зможам інтэграваць яе з жыццём іншых, з іх самымі надзённымі трывогамі і з іх самымі прыгожымі марамі. Пра тых, хто велікадушна прысвячае сябе заступніцтву, мы можам сказаць словамі Бібліі: «Гэта сябра нашых братоў, які шмат моліцца за народ» (2 Мак 15, 14).

155. Калі мы сапраўды прызнаем, што Бог існуе, то не можам не пакланяцца Яму, часам у цішыні, поўнай захаплення, або апяваць Яго ў святочным праслаўленні. Праз гэта мы выяўляем тое, што адчуваў бл. Караль дэ Фуко, калі сказаў: «Як толькі я паверыў, што Бог ёсць, я зразумеў, што не магу жыць інакш, як толькі для Яго»[117]. У жыцці пілігрымуючага народу таксама існуе шмат простых жэстаў чыстага пакланення, напрыклад, калі «вочы пілігрыма затрымліваюцца на абразе, які сімвалізуе пяшчоту і блізкасць Бога. Любоў спыняецца, сузірае таямніцу, смакуе яе ў цішыні»[118].

156. Малітоўнае чытанне Божага слова, «саладзейшага за мёд» (пар. Пс 119 [118], 103) і «вастрэйшага за ўсялякі меч двусечны» (пар. Гбр 4, 12), дазваляе нам пастаянна слухаць Настаўніка, каб быў Ён лямпай для нашых ног і святлом на нашай сцежцы (пар. Пс 119 [118], 105). Як прыгадалі нам біскупы Індыі, «прывязанасць да Божага слова не з’яўляецца адным сярод многіх набажэнстваў, прыгожых, але крыху неабавязковых. Яно належыць да сэрца і самой сутнасці хрысціянскага жыцця. Слова мае прыродную сілу для змены жыцця»[119].

157. Сустрэча з Езусам у Святым Пісанні вядзе нас да Эўхарыстыі, дзе тое самае слова дасягае сваёй найбольшай эфектыўнасці, таму што гэта рэальная прысутнасць жывога Слова. Там адзіны Абсалют атрымлівае найбольшае пакланенне, якое можна аддаваць Яму на зямлі, таму што гэта Хрыстус ахвяруе самога сябе. І калі мы прымаем Яго ў св. Камуніі, то аднаўляем наш запавет з Ім і дазваляем Яму штораз паўней выконваць сваю справу перамены.

 

Раздзел V

ЗМАГАННЕ, ЧУВАННЕ I РАСПАЗНАВАННЕ

158. Хрысціянскае жыццё — гэта пастаяннае змаганне. Неабходныя сіла і мужнасць, каб супрацьстаяць спакусам д’ябла і абвяшчаць Евангелле. Гэтае змаганне вельмі прыгожае, таму што дазваляе нам кожны раз адзначаць перамогу Пана ў нашым жыцці.

Змаганне і чуванне

159. Гэта не проста змаганне са светам і свецкім менталітэтам, якія падманваюць нас, дураць і робяць нас нямымі, без абавязацельстваў і без радасці. Гэта не толькі барацьба з нашымі слабасцямі і схільнасцямі (кожны мае свае: лянота, пажадлівасць, рэўнасць, зайздрасць і г.д.). Гэта таксама пастаянная барацьба з д’яблам, прычынай зла. Сам Езус святкуе нашыя перамогі. Ён радаваўся, калі яго вучні, пераадольваючы пасткі злога, мелі поспех у абвяшчэнні Евангелля, і ўсклікаў: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка» (Лк 10, 18).

Штосьці большае за міф

160. Мы не прызна2ем існаванне д’ябла, калі будзем імкнуцца глядзець на жыццё толькі праз прызму эмпірычных крытэрыяў і без звышпрыроднай перспектывы. Перакананне, што гэтая моц зла існуе сярод нас, дазваляе нам зразумець, чаму зло часам мае настолькі разбуральную сілу. Безумоўна, біблійныя аўтары мелі абмежаваны запас паняццяў для азначэння некаторых рэалій. У часы Езуса можна было, напрыклад, пераблытаць эпілепсію з апантанасцю д’яблам. Аднак гэта не павінна весці нас да празмернага спрашчэння рэчаіснасці, калі мы кажам, што ўсе выпадкі, апісаныя ў Евангеллях, былі псіхічнымі хваробамі і што ў канчатковым выніку д’ябал не існуе ці не дзейнічае. Ён згадваецца на першай старонцы Святога Пісання, якая заканчваецца перамогай Бога над д’яблам[120]. На самай справе, калі Езус вучыў нас малітве Ойча наш, Ён хацеў, каб мы напрыканцы прасілі Айца вызваліць нас ад злога. Выраз, які там выкарыстоўваецца, не адносіцца да абстрактнага зла, і больш дакладны яго пераклад гэта «злы». Гэты выраз азначае асабовую істоту, якая мучае нас. Езус навучыў нас кожны дзень прасіць аб гэтым вызваленні, каб моц сатаны не панавала над намі.

161. Таму не будзем думаць, што гэта нейкі міф, выдумка, сімвал, выява ці паняцце[121]. Гэтая памылка вядзе нас да аслаблення ўвагі, да адсутнасці клопату аб сабе і да большых небяспекаў. Ён не павінен авалодаць намі. Гэта ён атручвае нас нянавісцю, смуткам, зайздрасцю, заганамі. У выніку, калі мы змяншаем абарону, ён выкарыстоўвае гэта, каб знішчыць нашае жыццё, сем’і і супольнасці, бо «як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1 П 5, 8).

Абуджаныя i поўныя даверу

162. Божае слова выразна заклікае нас «супрацьстаяць подступам д’ябла» (Эф 6, 11) і «пагасіць усе распаленыя стрэлы злога» (Эф 6, 16). Гэта не проста паэтычныя словы, таму што наш шлях да святасці таксама з’яўляецца няспынным змаганнем. Той, хто не прызнае гэтага, рызыкуе атрымаць паражэнне ці стаць нямым. У гэтым змаганні мы маем магутную зброю, якую дае нам Пан: веру, што выяўляецца ў малітве, разважанне над Божым словам, цэлебрацыю св. Імшы, эўхарыстычную адарацыю, сакрамэнт паяднання, учынкі міласэрнасці, супольнае жыццё і місійную дзейнасць. Калі мы не захоўваем асцярожнасць, то лёгка паддаемся ілжывым абяцанням зла, бо, як казаў святы пробашч Брачэра: «Якое значэнне мае тое, што Люцыфер абяцае вызваліць вас, а нават змясціць сярод усіх сваіх дабротаў, калі яны ўводзяць у зман, калі яны атручваюць?»[122].

163. На гэтым шляху развіццё дабра, духоўнае сталенне і ўзрастанне ў любові з’яўляюцца лепшай процівагай злу. Ніхто не можа супрацьстаяць злу, калі вырашае заставацца ў тупіку, калі ўсім незадаволены, калі перастае марыць ахвяраваць Пану тое, што ў ім самае прыгожае. Яшчэ горш, калі падае духам, таму што «той, хто пачынае без даверу, ужо прайграў палову бою і закопвае свае таленты [...]. Хрысціянскі трыумф — гэта заўсёды крыж, але крыж, які адначасова з’яўляецца штандарам перамогі, што ўзносіцца з пачуццём мужнасці перад атакай зла»[123].

Духоўная сапсаванасць

164. Шлях да святасці — гэта крыніца спакою і радасці, якія з’яўляюцца дарам Духа, але ў той жа час гэты шлях патрабуе, каб мы мелі «запаленыя светачы» (пар. Лк 12, 35) і чувалі: «Устрымлівайцеся ад усялякага зла» (1 Тэс 5, 22); «чувайце» (Мк 13, 35; Мц 24, 42); «не будзем жа спаць» (1 Тэс 5, 6). Той, хто не адчувае, што здзяйсняе цяжкія злачынствы супраць Божага закону, можа патрапіць у свайго роду аглушэнне або нячу­ласць. Паколькі не знаходзіць у сабе нічога сур’ёзнага, за што мог бы сябе дакарыць, ён не заўважае той ха­лоднасці, якая паступова ахоплівае яго духоўнае жыццё, і ў канчатковым выніку ён становіцца нікчэмным і сапсаваным.

165. Духоўная сапсаванасць горшая за ўпадак грэ­шніка, бо гэта зручная слепата і самадастатковасць, калі ўсё, у рэшце рэшт, здаецца дазволеным: падман, паклёп, эгаізм і іншыя далікатныя формы засяроджвання на сабе, бо «сам сатана ўдае з сябе анёла святла» (2 Кар 11, 14). Так скончыў свае дні Саламон, а вялікі грэшнік Давід змог пераадолець свае пакуты. У адным з эпізодаў Езус асцерагаў перад гэтай зманлівай спакусай, праз якую мы трапляем у сапсаванасць: Ён кажа пра вызваленага ад д’ябла чалавека, які, думаючы, што яго жыццё ўжо чыстае, быў апанаваны ў выніку сямю злымі духамі (пар. Лк 11, 24­26). Іншы біблійны тэкст змяшчае красамоўны вобраз: «Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў» (2 П 2, 22; пар. Прып 26, 11).

Распазнаванне

166. Як зразумець, што паходзіць ад Духа Святога, а што з духа гэтага свету ці з духа д’ябла? Ёсць адзіны спосаб — гэта распазнаванне, якое патрабуе не толькі ўмення разважаць ці здаровай развагі, але з’яўляецца таксама дарам, аб якім трэба прасіць. Калі з даверам просім аб ім Духа Святога і адначасова імкнёмся развіваць яго праз малітву, разважанне, чытанне і добрую параду, напэўна зможам набыць гэтую духоўную здольнасць.

Пільная патрэба

167. Уменне распазнаваць стала асабліва неабходным сёння. Сучаснае жыццё прапануе вялізныя магчымасці для дзейнасці і адпачынку, і свет прадстаўляе іх так, быццам бы ўсе яны каштоўныя і добрыя. Усе, асабліва маладыя людзі, падвяргаюцца пастаянным скокам па каналах (zapping). Адначасова можна праглядаць два ці тры экраны і ўдзельнічаць адначасова ў розных віртуальных падзеях. Без мудрага распазнавання можна лёгка стаць марыянеткамі, закладнікамі хвілёвых тэндэнцый.

168. Распазнаванне становіцца асабліва важным, калі ў нашым жыцці з’яўляецца штосьці новае, калі трэба распазнаць, ці гэта «новае віно», якое паходзіць ад Бога, ці зманлівая навізна духа гэтага свету або духа д’ябла. У іншых выпадках адбываецца адваротнае, таму што сілы зла заахвочваюць нас не змяняцца, пакінуць усё, як ёсць, каб выбраць застой ці суровасць. Тады мы перашкаджаем дзейнічаць натхненню Духа Святога. Мы вольныя, адораныя свабодай Езуса Хрыста, але Ён заклікае нас даследаваць тое, што ёсць у нас: жаданні, трывогі, страхі, чаканні, і тое, што адбываецца вакол нас — «знакі часу», каб распазнаць шляхі поўнай свабоды: «Усё правярайце, трымайцеся добрага» (1 Тэс 5, 21).

Заўсёды ў святле Пана

169. Распазнаванне неабходнае не толькі ў незвычайныя моманты ці тады, калі трэба вырашаць сур’ёзныя праблемы, калі трэба прыняць важнае рашэнне. Гэта інструмент барацьбы, каб лепш ісці за Панам. Яно заўсёды нам неабходна: каб мы маглі распазнаваць час Бога і Яго ласкі, каб не марнавалі натхненняў Пана, каб не адкідалі Яго запрашэнне да развіцця. Часта гэта адбываецца праз дробязі, праз тое, што нам здаецца нязначным, таму што велікадушнасць выяўляецца ў простых і штодзённых справах[124]. Гэта значыць, трэба не абмяжоўвацца тым, што вялікае, лепшае і найпрыгажэйшае, але засяроджвацца таксама на тым, што малое, на штодзённых занятках. Таму прашу ўсіх хрысціянаў рабіць кожны дзень шчыры рахунак сумлення ў дыялогу з Панам, які любіць нас. Акрамя таго, распазнаванне вядзе нас да пазнання канкрэтных спосабаў, якія Пан рыхтуе для нас у сваім таямнічым плане любові, каб мы не спыняліся толькі на добрых намерах.

Звышпрыродны дар

170. Сапраўды, духоўнае распазнаванне не вы­ключае чалавечых, экзістэнцыяльных, псіхалагічных, сацыялагічных і маральных ведаў. Але яно іх пера­ўзыходзіць. Не дастаткова таксама поўных мудрасці прынцыпаў Касцёла. Трэба заўсёды памятаць, што распазнаванне — гэта ласка. Хоць яно ахоплівае розум і разважлівасць, аднак, пераўзыходзіць іх, таму што яно дапамагае заўважыць таямніцы адзінага і непаўторнага плана, які Бог мае для кожнага і які рэалізуецца ў самых разнастайных кантэкстах і межах. Робіцца стаўка не толькі на матэрыяльны дабрабыт ці задавальненне ад здзяйснення чагосьці карыснага, ці нават жаданне мець чыстае сумленне. На карту пастаўлены сэнс майго жыцця адносна Айца, які ведае мяне і любіць, той сапраўдны сэнс, якому я магу прысвяціць сваё жыццё і якога ніхто не ведае лепш за Яго. Адным словам, распазнаванне вядзе да неўміручай крыніцы жыцця, а значыць да таго, «каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста» (Ян 17, 3). Гэта не патрабуе спецыяльных навыкаў і не зарэзервавана для найбольш разумных ці адукаваных, бо Айцец аб’яўляецца з радасцю пакорным (пар. Мц 11, 25).

171. Нягледзячы на тое, што Пан прамаўляе да нас па­рознаму, падчас нашай працы, праз іншых людзей і ў кожную хвіліну, нельга абысціся без цішыні больш доўгай малітвы, каб лепш успрымаць гэтую мову, каб інтэрпрэтаваць сапраўднае значэнне натхненняў, якія мы, як лічым, атрымалі, каб суняць страх і аб’яднаць усё нашае жыццё ў Божым святле. Мы можам праз гэта паспрыяць узнікненню таго новага сінтэзу, які вынікае з жыцця, асвятленага Духам Святым.

Кажы, Пане

172. Аднак можа здарыцца, што ў той жа малітве мы пазбягаем сустрэчы са свабодаю Духа Святога, які дзейнічае так, як хоча. Трэба памятаць, што малітоўнае распазнаванне патрабуе гатоўнасці слухаць: Пана Бога, іншых, саму рэчаіснасць, якая кожны раз па­новаму ставіць перад намі выклікі. Толькі той, хто гатовы слухаць, можа свабодна адмовіцца ад свайго частковага і недастатковага пункту гледжання, сваіх звычак, схем. У выніку ён сапраўды гатовы прыняць той выклік, які ламае пачуццё ўласнай упэўненасці, але вядзе да лепшага жыцця, бо не дастаткова, каб усё развівалася добра, каб усё было спакойна. Можа так стацца, што Бог будзе даваць нам нешта большае, але з­за нашай лянівай рассеянасці, мы гэтага не распазнаем.

173. Вядома, такая пастава слухання азначае паслухмянасць Евангеллю як канчатковаму крытэрыю, а таксама Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла, які ахоўвае яго, спрабуючы знайсці ў скарбах Касцёла тое, што можа быць найбольш карысным для сённяшняга збаўлення. Гэта не датычыць ужывання правілаў ці паўтарэння мінулага, бо не абавязкова, каб тыя самыя рашэнні прымаліся ва ўсіх абставінах, і што карысна ў адным кантэксце, можа стаць непрыдатным у другім. Распазнаванне духа вызваляе нас ад скаванасці, якой няма месца перад вечным «сёння» Уваскрослага. Толькі Дух пранікае ў самыя цёмныя куткі рэальнасці і бярэ пад увагу ўсе яе нюансы, каб навізна Евангелля аб’явілася ў новым святле.

Логіка дару і крыжа

174. Неабходнай умовай для развіцця ўмення распазнаваць становіцца выхаванне ў сабе цярплівасці Бога і Яго часоў, якія ніколі не з’яўляюцца нашымі. Ён не хоча, «каб агонь сышоў з неба і знішчыў» непа­слухмяных (пар. Лк 9, 54), і не дазваляе, каб рупліўцы вырывалі каласоўнік, які расце сярод пшаніцы (пар. Мц 13, 29). Неабходна таксама велікадушнасць, таму што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць» (Дз 20, 35). Распазнаванне служыць не таму, каб убачыць, што мы можам яшчэ атрымаць ад гэтага жыцця, але каб зразумець, як мы можам лепш выканаць місію, ускладзеную на нас падчас святога хросту, і гэта азначае, што мы гатовыя адмовіцца ад усяго, а нават аддаць усё. Шчасце з’яўляецца парадоксам і прапануе нам найлепшы вопыт тады, калі мы прымаем тую загадкавую логіку, якая не паходзіць ад гэтага свету. Як казаў пра крыж св. Банавэнтура: «Гэта — наша логіка»[125]. Калі хтосьці прымае гэтую дынаміку, то не дазваляе свайму сумленню стаць нячулым і велікадушна адкрываецца на тое, каб разумець.

175. Калі мы правяраем перад Богам дарогі жыцця, то нельга выключаць ніякіх абшараў. На кожным узроўні нашага жыцця мы можам пастаянна ўзрастаць і даць Богу нешта большае, таксама і там, дзе мы сустракаемся з найбольшымі цяжкасцямі. Аднак трэба прасіць Духа Святога, каб Ён вызваліў нас і прагнаў той страх, які прымушае нас забараняць Яму ўвайсці ў некаторыя сферы нашага жыцця. Той, хто патрабуе ўсяго, дае таксама ўсё і не ўваходзіць у нас для таго, каб пакалечыць ці аслабіць нас, але давесці да паўнаты. Гэта паказвае нам, што распазнаванне — гэта не пыхлівы самааналіз, эгаістычная інтраспекцыя, але сапраўднае выйсце да таямніцы Бога, які дапамагае нам жыць місіяй, да якой нас паклікаў дзеля дабра братоў.

* * *

176. Я жадаю, каб Марыя закончыла гэтае разважанне, таму што Яна, як ніхто іншы, жыла благаслаўленнямі Езуса. Гэта Яна трымцела ад радасці ў прысутнасці Бога, захоўвала ўсё ў сваім сэрцы і дазволіла, каб Яе душу працяў меч. Яна святая сярод святых, найбольш благаслаўлёная, тая, якая паказвае нам шлях святасці і суправаджае нас. Яна не згаджаецца на тое, каб мы пасля ўпадку заставаліся на зямлі, і часам, не асуджаючы, бярэ нас у абдымкі. Размова з Ёй суцяшае нас, вызваляе і асвячае. Маці не патрабуе шмат словаў, не патрабуе нашых празмерных намаганняў, каб мы па­тлумачылі тое, што з намі адбываецца. Дастаткова зноў і зноў шаптаць: «Вітай, Марыя...».

177. Спадзяюся, што гэтыя старонкі будуць карысныя для ўсяго Касцёла, каб ён пашыраў імкненне да святасці. Просім Духа Святога напоўніць нас моцным жаданнем быць святымі дзеля большай хвалы Божай, і дапамагайма адзін аднаму ў гэтым імкненні. Праз гэта мы будзем мець удзел у шчасці, якога свет не зможа ў нас адняць.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 19 сакавіка 2018 года, ва Урачыстасць святога Юзафа, у шосты год майго Пантыфікату.

Францішак



[1] Benedetto XVI, Omelia per il solenne inizio del ministero petrino (24 aprile 2005): AAS 97 (2005), 708.

[2] У любым выпадку, гэта сведчыць пра святасць і практыкаванне, прынамсі ў звычайнай ступені, хрысціянскіх цнотаў: пар. Lett. ap. in forma di Motu proprio Maiorem hac dilectionem (11 ліпеня 2017), art. 2c: LOsservatore Romano, 12 luglio 2017, p. 8.

[3] Другі Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. Lumen gentium, 9.

[4] Пар. Joseph Malègue, Pierres noires. Les classes moyennes du Salut, Paris 1958.

[5] Другі Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. Lumen gentium, 12.

[6] Verborgenes Leben und Epiphanie: GW XI, 145.

[7] S. Giovanni Paolo II, Lett. ap. Novo millennio ineunte (6 gennaio 2001), 56: AAS 93 (2001), 307.

[8] Lett. ap. Tertio millennio adveniente (10 novembre 1994), 37: AAS 87 (1995), 29.

[9] Omelia nella Commemorazione ecumenica dei testimoni della fede del secolo XX (7 maggio 2000), 5: AAS 92 (2000), 680-681.

[10] Другі Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. Lumen gentium, 11.

[11] Пар. Hans U. Von Balthasar, «Teología y santidad», Communio VI/87, 489.

[12] Cantico spirituale B, Prologo, 2: Opere, Roma 1979, 490.

[13] Пар. тамсама, 14, 2: p. 575.

[14] Пар. Catechesi nell’Udienza generale del 19 novembre 2014: Insegnamenti II, 2 (2014), 555.

[15] S. Francesco di Sales, Trattato dell’amore di Dio, VIII, 11: Opere complete di Francesco di Sales, IV, Roma 2011, 468.

[16] Cinque pani e due pesci. Dalla sofferenza del carcere una gioiosa testimonianza di fede, Milano 2014, 20.

[17] Conferenza dei Vescovi cattolici della Nuova Zelanda, Healing love, 1 gennaio 1988.

[18] Пар. Esercizi spirituali, 102-312.

[19] Catechismo della Chiesa Cattolica, 515.

[20] Тамсама, 516.

[21] Тамсама, 517.

[22] Тамсама, 518.

[23] Тамсама, 521.

[24] Benedetto XVI, Catechesi nell’Udienza generale del 13 aprile 2011: Insegnamenti VII (2011), 451.

[25] Тамсама, 450.

[26] Пар. Hans U. Von Balthasar, «Teología y santidad», Communio VI/87, 486-493.

[27] Xavier Zubiri, Naturaleza, historia, Dios, Madrid 19993, 427.

[28] Carlo M. Martini, Le confessioni di Pietro, Cinisello Balsamo 2017, 69.

[29] Неабходна адрозніваць пустую забаву ад культуры здаровага адпачынку, якая робіць нас адкрытымі для іншага чалавека і для рэчаіснасці ў духу шчырасці і сузірання.

[30] S. Giovanni Paolo II, Omelia nella Messa di canonizzazione (1 ottobre 2000), 5: AAS 92 (2000), 852.

[31] Conferenza Episcopale Regionale dell’Africa Occidentale, Messaggio pastorale al termine della II Assemblea plenaria, 29 febbraio 2016, 2.

[32] La donna povera, Reggio Emilia 1978, 375.

[33] Пар. Congregazione per la Dottrina della Fede, Lett. Lett. Placuit Deo ai Vescovi della Chiesa Cattolica su alcuni aspetti della salvezza cristiana (22 febbraio 2018), 4: L’Osservatore Romano, 2 marzo 2018, сс. 4-5: «Неапелагіянскі індывідуалізм, як і неагнастычная пагарда да цела, скажаюць вызнанне веры ў Хрыста, адзінага і паўсюднага Збавіцеля». У гэтым дакуменце знаходзяцца дактрынальныя асновы для разумення хрысціянскага збаўлення ў дачыненні да сучасных адгалінаванняў неагнастыцызму і неапелагіянства.

[34] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 94.

[35] Тамсама.

[36] Omelia nella Messa a Casa S. Marta, 11 novembre 2016: L’Osservatore Romano, 12 novembre 2016, p. 8.

[37] Як навучае св. Банавэнтура, «уся інтэлектуальная актыўнасць павінна знікнуць, а вяршыняй усіх жаданняў павінна стаць імкненне да поўнага перамянення і скіравання да Бога. […] Неабходна менш вагі надаваць мове, вельмі шмат унутранай радасці, мала словам і правілам, усё Божаму дару, а значыць, Духу Святому, мала або нічога стварэнню, усё істоце, якая стварае, Айцу, Сыну і Духу Святому» (Itinerario della mente in Dio, VII, 4-5).

[38] Lettera al Gran Cancelliere della Pontificia Università Cattolica Argentina per il centenario della Facoltà di Teologia (3 marzo 2015): L’Osservatore Romano, 9-10 marzo 2015, p. 6.

[39] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 40.

[40] Videomessaggio al congresso internazionale di Teologia della Pontificia Università Cattolica Argentina (1-3 settembre 2015): AAS 107 (2015), 980.

[41] Esort. ap. postsin. Vita consecrata (25 marzo 1996), 38: AAS 88 (1996), 412.

[42] Lettera al Gran Cancelliere della Pontificia Università Cattolica Argentina per il centenario della Facoltà di Teologia (3 marzo 2015): L’Osservatore Romano, 9-10 marzo 2015, p. 6.

[43] Lettera a Frate Antonio, 2: FF 251.

[44] Sui sette doni dello Spirito Santo, 9, 15.

[45] Тамсама, Commento al Libro IV delle Sentenze, 37, 1, 3, ad 6.

[46] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 94.

[47] Пар. S. Bonaventura, Le sei ali dei Serafini, 3, 8: «Non omnes omnia possunt». Трэба разумець згодна з тым, што пададзена ў Ca­techismo della Chiesa Cattolica, 1735.

[48] Пар. S. Tommaso dAquino, Summa Theologiae, I-II, 109, 9, ad 1: «Цяпер, аднак, ласка недасканалая ў пэўным сэнсе, таму што, – як ужо згадвалася вышэй, – не вылечвае чалавека цалкам».

[49] La natura e la grazia, 43, 50: PL 44, 271.

[50] Le confessioni, 10, 29, 40: PL 32, 796.

[51] Пар. Апост. адгартацыя Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 44.

[52] У разуменні хрысціянскай веры, ласка апярэджвае нас, спа­да­рожнічае нам і ідзе пасля ўсіх нашых дзеянняў (пар. Conc. Ecum. di Trento, Sess. VI, Decr. de iustificatione, cap. 5: DH, 1525).

[53] Omelie sulla Lettera ai Romani, 9, 11: PG 60, 470.

[54] Omelia sull’umiltà: PG 31, 530.

[55] Canone 4: DH 374.

[56] Sess. VI, Decretum de iustificatione, cap. 8: DH 1532.

[57] N. 1998.

[58] Тамсама, 2007.

[59] S. Tommaso d’Aquino, Summa Theologiae, I-II, 114, 5.

[60] Thérèse de Lisieux, «Acte d’offrande à l’Amour miséricordieux» (Prières, 6), (Œuvres complètes, Paris 1996, p. 963).

[61] Lucio Gera, «Sobre el misterio del pobre», in P. Grelot-L. GeraA. Dumas, El Pobre, Buenos Aires 1962, 103.

[62] Гэта каталіцкае вучэнне пра «заслугу» пасля апраўдання: маецца на ўвазе супрацоўніцтва апраўданага дзеля развіцця жыцця ласкі (пар. Catechismo della Chiesa Cattolica, 2010). Але гэтае супрацоўніцтва ніякім чынам не азначае, што тое ж самае апраўданне і сяброўства з Богам становяцца прадметам чалавечай заслугі.

[63] Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 95.

[64] Пар. Summa Theologiae, I-II, q. 107, art. 4.

[65] Omelia nella Messa in occasione del Giubileo delle persone socialmente escluse, 13 novembre 2016: L’Osservatore Romano, 14-15 novembre 2016, p. 8.

[66] Пар. Omelia nella Messa a Casa S. Marta, 9 giugno 2014: L’Osservatore Romano, 10 giugno 2014, p. 8.

[67] Паслядоўнасць другога і трэцяга благаслаўленняў змяняецца ў розных тэкставых традыцыях.

[68] Esercizi spirituali, 23d: Roma 19846, 58-59.

[69] Manoscritto C, 12r: Opere complete, Roma 1997, 247.

[70] З патрыстычных часоў Касцёл цэніць дар слёз, аб чым сведчыць таксама прыгожая малітва «Ad petendam compunctionem cordis»: «Усемагутны і ласкавы Божа, які для сасмяглага народу здабыў са скалы крыніцу жывой вады: здабудзь з нашых цвёрдых сэрцаў слёзы скрухі, каб мы маглі аплакваць нашыя грахі і заслужылі праз Тваю міласэрнасць іх адпушчэння» (Missale Romanum, ed. typ. 1962, p. [110]).

[71] Catechismo della Chiesa Cattolica, 1789; пар. 1970.

[72] Тамсама, 1787.

[73] Зласлоўе і паклёп гэта як тэрарыстычны акт: кідаецца бомба, адбываецца разбурэнне, а задаволены тэрарыст спакойна адыходзіць. Гэта моцна адрозніваецца ад шляхетнасці тых, хто прыходзіць пагаварыць сам на сам, з ціхай шчырасцю, думаючы пра дабро іншага.

[74] У некаторых выпадках будзе неабходным сказаць пра цяжкасці кагосьці з братоў. Але можа здарыцца так, што будзе прадстаўлена інтэрпрэтацыя, а не абектыўны факт. Заангажаванасць скажае канкрэтную рэальнасць факту, ператварае яго ў інтэрпрэтацыю і ў канчатковым выніку перадае яго субектыўна. Так руйнуецца рэальнасць і не захоўваецца павага да праўды другой асобы.

[75] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 218.

[76] Тамсама, 239.

[77] Тамсама, 227.

[78] Lett. enc. Centesimus annus (1 maggio 1991), 41c: AAS 83 (1991), 844-845.

[79] Lett. ap. Novo millennio ineunte (6 gennaio 2001), 49: AAS 93 (2001), 302.

[80] Тамсама.

[81] Була Misericordiae Vultus (11 красавіка 2015), 12.

[82] Успомнім рэакцыю міласэрнага самараніна адносна чалавека, якога разбойнікі пакінулі напалову мёртвым на абочыне дарогі (пар. Лк 10, 30-37).

[83] Conferenza Canadese dei Vescovi Cattolici Commissione per gli Affari Sociali, Lettera aperta ai membri del Parlamento, The Common Good or Exclusion: A Choice for Canadians (1 febbraio 2001), 9.

[84] Пятая Генеральная Канферэнцыя Біскупаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, услед за нязменным начуваннем Касцёла, вучыць, што чалавек «заўсёды святы, ад зачацця, на ўсіх этапах свайго існавання аж да яго натуральнай смерці і пасля смерці», а таксама, што яго жыццё павінна быць абаронена «ад зачацця, ва ўсіх яго фазах, аж да натуральнай смерці». (Documento di Aparecida, 29 giugno 2007, 388; 464).

[85] Regola, 53, 1: PL 66, 749.

[86] Пар. тамсама, 53, 7: PL 66, 750.

[87] Тамсама, 53, 15: PL 66, 751.

[88] Була Misericordiae Vultus (11 красавіка 2015), 9.

[89] Тамсама, 10.

[90] Паслясінад. апост. адгарт. Amoris laetitia (19 сакавіка 2016), 311.

[91] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 197.

[92] Пар. Summa Theologiae, II-II, q. 30, a. 4.

[93] Тамсама, ad 1.

[94] Cristo en los Pobres, Madrid 1981, 37-38.

[95] Ёсць некалькі формаў здзекаў, якія, хоць здаюцца элегантнымі і поўнымі павагі, а нават вельмі духоўнымі, прыносяць шмат пакутаў іншым у адчуванні ўласнай годнасці.

[96] Cautele, 13: Opere, Roma 19794, 1070.

[97] Тамсама.

[98] Дзённік, 300, Мінск 2014, с. 251.

[99] S. Tommaso d’Aquino, Summa Theologiae, I-II, q. 70, a. 3.

[100] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 6.

[101] Рэкамендую чытаць малітву, якая прыпісваецца св. Томасу Мору: «Пане, дай мне добрае страваванне, а таксама што-небудзь, каб страваваць. Дай мне здароўе цела і добры настрой, каб падтрымліваць гэтае здароўе. Дай мне, Пане, простую душу, якая б прызнала скарбам усё, што добрае, і якая б не палохалася зла, але знаходзіла спосаб паставіць усё на свае месцы. Дай мне душу, якая не ведае нуды, бурчання, уздыханняў і стогнаў і не дазволь, каб я празмерна турбаваўся непрыемнасцю, што называецца «я». Дай мне, Пане, пачуццё гумару. Дай мне ласку разумення жартаў, каб я адкрыў у жыцці крыху радасці і змог перадаць яе іншым. Амэн».

[102] Паслясінад. апост. адгарт. Amoris laetitia (19 сакавіка 2016), 110.

[103] Апост. адгарт. Evangelii nuntiandi (8 снежня 1975), 80: AAS 68 (1976), 73. Варта адзначыць, што ў гэтым тэксце бл. Павел VI цесна звязвае радасць з парэсіяй. Смуткуе з прычыны «адсутнасці радасці і на­дзеі» і падкрэслівае «салодкую і поўную суцяшэння радасць з прычыны евангелізацыі», якая звязана з «энтузіязмам духу, якога ніхто і нішто не можа пагасіць», каб свет не атрымліваў Евангелле «ад засмучаных і расчараваных прапаведнікаў». На працягу Святога 1975 Года, сам Павел VI прысвяціў радасці Апостальскую адгартацыю Gaudete in Domino (9 мая 1975): AAS 67 (1975), 289-322.

[104] Cautele, 15: Opere, Roma 19794, 1072.

[105] S. Giovanni Paolo II, Esort. ap. postsin. Vita consecrata (25 marzo 1996), 42: AAS 88 (1996), 416.

[106] Confessioni, IX, 10, 23-25: PL 32, 773-775.

[107] Асабліва прыгадаем тры асноўныя словы «калі ласка, дзякуй, прабач», бо «адпаведныя словы, сказаныя ў патрэбны час, ахоўваюць і падмацоўваюць любоў дзень за днём» (Паслясінад. апост. адгарт. Amoris laetitia, 19 сакавіка 2016, 133).

[108] S. Teresa di Gesù Bambino, Manoscritto C, 29 v-30r: Opere complete, Roma 1997, 269.

[109] Gradi di perfezione, 2: Opere, Roma 19794, 1079.

[110] Той жа, Consigli per raggiungere la perfezione, 9: Opere, cit., 1078.

[111] Vita di S. Teresa di Gesù scritta da lei stessa, 8, 5: Opere, Roma 1981, 95.

[112] S. Giovanni Paolo II, Lett. ap. Orientale lumen (2 maggio 1995), 16: AAS 87 (1995), 762.

[113] Discorso al V Convegno nazionale della Chiesa italiana, Firenze, 10 novembre 2015: AAS 107 (2015), 1284.

[114] Пар. S. Bernardo, Discorsi sul Cantico dei Cantici 61, 3-5: PL 183, 1071-1073.

[115] Racconti di un pellegrino russo, Milano 19793, 41; 129.

[116] Пар. Esercizi spirituali, 230-237.

[117] Lettera a Enrico de Castries, 14 agosto 1901: Charles de Foucauld, Opere spirituali. Antologia, Roma 19835, 623.

[118] V Conferenza Generale dell’Episcopato Latinoamericano e dei Caraibi, Documento di Aparecida (29 giugno 2007), 259.

[119] Conferenza dei Vescovi Cattolici dell’India, Dichiarazione finale della XXI Assemblea plenaria (18 febbraio 2009), 3.2.

[120] Пар. Omelia nella Messa a Casa S. Marta, 11 ottobre 2013: L’Osservatore Romano, 12 ottobre 2013, p. 12.

[121] Пар. B. Paolo VI, Catechesi nell’Udienza generale del 15 novembre 1972: Insegnamenti X [1972], 1168-1170: «А??дна з самых вялікіх патрэбаў — гэта абарона ад таго зла, якое мы называем дяблам. [...] Зло ўжо не толькі недахоп, адсутнасць, неэфектыўнасць. Перад намі зло, якое дае плён; зло, якое існуе; зло, якое з’яўляецца асобай; зло, якое не можам ужо называць дэградацыяй дабра. Мы сутыкаемся тут з абсалютным прыняццем зла. Гэта палохае нас, і мы павінны баяцца гэтага... Той, хто не прызнае існавання гэтай жахлівай рэчаіснасці, выходзіць па-за межы біблійнага і касцёльнага вучэння; гэта значыць той, хто робіць яе незалежным прынцыпам, які не мае, так як кожнае стварэнне, сваёй крыніцы ў Богу; або тлумачыць яе як псеўдарэальнасць, канцэптуальную і фантастычную персаніфікацыю невядомых прычын нашых хваробаў».

[122] S. José Gabriel del Rosario Brochero, Predica delle bandiere, in Conferenza Episcopale Argentina, El Cura Brochero. Cartas y sermones, Buenos Aires 1999, 71.

[123] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 85.

[124] На магіле св. Ігнацыя Лаёлы змешчана такая мудрая эпітафія: «Non coerceri a maximo, contineri tamen a minimo divinum est» (Не абмяжоўвацца толькі тым, што найбольшае, але і не заставацца толькі ў тым, што найменшае — гэта Божая справа).

[125] Sull’Hexaemeron, 1, 30.

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana