Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - LA  - PL  - PT  - SL  - SW  - ZH_CN  - ZH_TW ]

MISERICORDIAE VULTUS

ФРАНЦІШАК
БІСКУП РЫМА
СЛУГА СЛУГ БОЖЫХ
УСІМ, ХТО БУДЗЕ ЧЫТАЦЬ ГЭТЫ ЛІСТ,
ЛАСКА, МІЛАСЭРНАСЦЬ І СПАКОЙ

Пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

[pdf]

 


 

[Multimedia]

 

 

1. Езус Хрыстус з’яўляецца абліччам міласэрнасці Айца. Здаецца, што ў гэтым слове заключана сутнасць таямніцы хрысціянскай веры. Яно стала жывым, бачным і дасягнула сваёй вяршыні ў Езусе з Назарэта. Багаты на міласэрнасць Айцец (пар. Эф 2, 4), калі аб’явіў Майсею сваё імя: «Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы» (Зых 34, 6), пажадаў, каб чалавек мог няспынна пазнаваць Яго боскую сут­насць розным чынам і ў розныя моманты гісторыі. «Калі надышла паўната часу» (Гал 4, 4), калі ўсё было падрыхтавана паводле Ягонага плану збаўлення, Ён спаслаў свайго Сына, народжанага з Дзевы Марыі, каб аб’явіць нам канчаткова сваю любоў. Хто бачыць Яго, бачыць таксама і Айца (пар. Ян 14, 9). Езус з Назарэта сваімі словамі, жэстамі і ўсёй сваёй асобай[1] аб’яўляе міласэрнасць Бога.

2. Мы павінны пастаянна сузіраць гэтую таямніцу міласэр­насці. Для нас яна – крыніца радасці, спакою і згоды. Гэта ўмова нашага збаўлення. Міласэрнасць – гэта слова, якое аб’яўляе Найсвяцейшую Тройцу. Міласэрнасць – гэта найвышэйшы і канчатковы чын, праз які Бог выходзіць нам насустрач. Міласэрнасць – гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго брата, якога сустракае на жыццёвым шляху. Міласэрнасць – гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх.

3. Бываюць хвіліны, калі мы ўсё мацней чуем заклік спыніць свой позірк на міласэрнасці, каб мы самі сталі плённым знакам дзейнасці Айца. Менавіта таму я абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці як час, поўны ласкі для Касцёла, каб сведчанне вернікаў стала яшчэ больш моцным і плённым.

Святы Год распачнецца 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтае літургічнае свята ўказвае на спосаб дзеяння Бога ад пачатку нашай гісторыі. Пасля граху Адама і Евы Бог не хацеў пакінуць чалавецтва сам­насам, каб яно стала здабычаю зла. Таму пастанавіў і пажадаў, каб Марыя, святая і беззаганная ў любові (пар. Эф 1, 4), стала Маці Адкупіцеля чалавека. На бязмернасць граху Бог адказвае паўнатой прабачэння. Міласэрнасць заўсёды будзе большай за кожны грэх, і ніхто не можа затрымаць любові Бога, які прабачае. Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця я з радасцю адкрыю Святыя Дзверы. З гэтай нагоды яны стануць Брамай Міласэрнасці. Кожны, хто будзе ўваходзіць праз яе, зможа спазнаць любоў Бога, які суцяшае, прабачае і дае надзею.

У наступную, г. зн. III нядзелю Адвэнту, будуць адкрытыя Святыя Дзверы ў Рымскай катэдры, Латэранскай базыліцы св. Яна, а затым у наступных папскіх базыліках. Таксама пастанаўляю, што менавіта ў гэтую нядзелю ў кожным мясцовым Касцёле, у катэдры, якая з’яўляецца касцёлам­маці для ўсіх вернікаў, або таксама ў конкатэдры або ў іншым касцёле, які мае асаблівае значэнне, будзе на працягу ўсяго года адчынена тая самая Брама Міласэрнасці. У залежнасці ад рашэння ардынарыя яна можа быць адчынена таксама ў санктуарыях, што наведваюць шматлікія пілігрымы, якія менавіта там вельмі часта спазнаюць ласкі і знаходзяць шлях да навяртання. Так кожны мясцовы Касцёл будзе непасрэдна ўдзельнічаць у святкаванні гэтага Святога Года як асаблівага моманту лас­кі і духоўнага аднаўлення. Таму Юбілей будзе адзначацца як у Рыме, так і ў мясцовых Касцёлах як бачны знак еднасці ўсяго Касцёла.

4. Я выбраў дату 8 снежня, бо яна мае вялікае значэнне для сучаснай гісторыі Касцёла. Святыя Дзверы я адкрыю ў пяцідзясятую гадавіну заканчэння Другога Ватыканскага Сабору. Касцёл павінен захоўваць жывую памяць пра гэтую падзею. Яна пачынае новы этап яго гісторыі. Айцы, сабраныя на Саборы, адчувалі моцную, як праўдзівы подых Духа Святога, неабходнасць казаць пра Бога людзям свайго часу больш зразумела. Пасля знясення муроў, якія на працягу празмерна доўгага часу замыкалі Касцёл у прывілеяванай цвярдыні, надышоў час абвяшчаць Евангелле па­новаму. Гэта новы этап евангелізацыі, якая трывае заўсёды. Гэта новае заданне для ўсіх хрысціянаў: даваць сведчанне з яшчэ большым энтузіязмам і перакананнем наконт сваёй веры. Касцёл адчуваў сваю адказнасць быць жывым знакам любові Айца ў свеце.

Згадваюцца важныя словы, якія сказаў на распачацце Сабору св. Ян XXIII, указваючы напрамак шляху: «Аднак жа сёння Абранніца Хрыста больш жадае карыстацца лекам міласэр­насці, чым зброяй строгасці. <...> Каталіцкі Касцёл, паказваючы праз пасрэдніцтва гэтага Паўсюднага Сабору паходню каталіцкай праўды, прагне быць лагоднай, цярплівай, поўнай міласэрнасці і дабрыні для адлучаных сыноў маці, якая любіць усіх»[2]. Падобна разважаў таксама бл. Павел VI, які так прамовіў на заканчэнне Сабору: «Перадусім мы хочам звярнуць увагу на тое, што рэлігіяй нашага Сабору была ў першую чаргу любоў <...>. Біблійная гісторыя пра самараніна была парадыгмай духоўнасці Сабору. <...> Струмень любові і праслаўлення праліўся з Сабору на сучаснае чалавецтва. Так, асудзілі памылкі; але гэта патрабуе не менш любові, чым праўды; аднак асобам быў зроблены толькі напамін з павагаю і любоўю. Замест прыгнятальных дыягназаў – меры стымулявання; замест злавесных прадказанняў з Сабору мы выслалі да сучаснага свету пасланне, поўнае надзеі: яго каштоўнасці былі не толькі прызнаныя, але і ўшанаваныя, яго намаганні падтрыманыя, яго намеры ачышчаныя і паблагаслаўленыя. <...> І яшчэ іншую рэч мы павінны пад­крэсліць: усё гэтае дактрынальнае багацце ідзе ў адным кірунку, у кірунку служэння чалавеку. Чалавеку, так бы мовіць, у кожным яго становішчы, у кожнай яго хваробе і ў кожнай яго патрэбе»[3].

З удзячнасцю за тое, што атрымаў Касцёл, а таксама з пачуццём адказнасці за заданне, якое нас чакае, пройдзем праз Святыя Дзверы поўныя надзеі, што дапамагае нам моц уваскрослага Пана, які няспынна падтрымлівае нашую пілігрымку. Дух Святы, які кіруе крокамі вернікаў, каб яны супрацоўнічалі ў справе збаўлення, якую здзейсніў Хрыстус, няхай будзе правадыром і падтрымкаю Божага народу, дапамагаючы яму су­зіраць аблічча міласэрнасці[4].

5. Юбілейны Год закончыцца літургічнай урачыстасцю Езу­са Хрыста, Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 года. У гэты дзень, закрываючы Святыя Дзверы, перадусім мы будзем з удзячнасцю дзякаваць Найсвяцейшай Тройцы за тое, што Яна адарыла нас гэтым асаблівым часам ласкі. Даручым Хрысту Пану жыццё Касцёла, усяго чалавецтва і Сусвету, просячы аб спасланні Яго міласэрнасці як ранішняй расы, каб была плённай гісторыя, якую мы павінны ствараць у бліжэйшым будучым з удзелам усіх. Вельмі жадаю, каб надыходзячыя гады былі напоўнены міласэрнасцю і каб мы выходзілі насустрач кожнай асобе, несучы дабрыню і пяшчоту Бога! Да ўсіх, як веруючых, так і тых, хто знаходзіцца здалёк, няхай дойдзе бальзам міла­сэрнасці, як знак Божага Валадарства, якое ўжо прысутнічае сярод нас.

6. «Міласэрнасць – гэта рыса Бога, у міласэрнасці таксама найбольш выяўляецца Яго ўсемагутнасць»[5]. Словы св. Тамаша Аквінскага паказваюць, што Божая міласэрнасць – гэта не праяўленне слабасці, але рыса ўсемагутнасці Бога. Менавіта таму літургія ў адной са сваіх самых старажытных калект змяшчае наступныя словы малітвы: «Божа, Ты праз прабачэнне і літасць найпаўней выяўляеш сваю ўсемагутнасць»[6]. Бог заўсёды будзе ў чалавечай гісторыі тым, хто з’яўляецца прысутным, блізкім, прадбачлівым, святым і міласэрным.

«Цярплівы і міласэрны». Гэтае спалучэнне двух азначэнняў мы часта сустракаем у Старым Запавеце як апісанне сутнасці Бога. Яго міласэрнасць мае канкрэтнае пацвярджэнне ў шматлікіх падзеях гісторыі збаўлення, дзе пераважае дабрыня Бога над пакараннем і знішчэннем. Псальмы асаблівым чынам паказваюць гэтую веліч Божага дзеяння: «Ён адпускае ўсе беззаконні твае і вылечвае ўсе твае хваробы. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, літасцю і міласэрнасцю цябе карануе» (Пс 103 [102], 3­4). Яшчэ больш выразна ў іншым псальме гаворыцца пра канкрэтныя знакі міласэрнасці: «Пан вызваляе вязняў. Пан адкрывае вочы сляпым, Пан узнімае прыніжаных. Пан лю­біць справядлівых, Пан абараняе чужаземцаў. Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, а шлях грэшных скрыўляе» (Пс 146 [145], 7­9). І на заканчэнне — яшчэ адно выказванне псальміста: «Ён лечыць скрушаныя сэрцы і перавязвае іх раны. <...> Пакорных Пан падымае, а бязбожных паніжае да зямлі» (Пс 147 [146­147], 3. 6). Міла­сэрнасць Бога з’яўляецца не абстрактнай ідэяй, а канкрэтным фактам, праз які Ён аб’яўляе сваю любоў, падобную да любові бацькі і маці, якіх да глыбіні сэрца хвалюе лёс уласнага дзіцяці. Сапраўды, у гэтым выпадку можна казаць пра моцную любоў. Яна паходзіць з нутра як пачуццё глыбокае, натуральнае, што складаецца з пяшчоты і спачування, паблажлівасці і прабачэння.

7. «Бо навекі Яго міласэрнасць» (Пс 136 [135]). Гэты рэфрэн паўтараецца пасля кожнага верша псальма, які расказвае пра гісторыю аб’яўлення Бога. Дзякуючы міласэрнасці ўся гісторыя Старога Запавету поўная глыбокага збаўчага значэння. Праз міласэрнасць гісторыя Бога і Ізраэля становіцца гісторыяй збаўлення. Здаецца, што гэтым пастаянным паў­тарэннем: «Бо навекі Яго міласэрнасць», псальм намагаецца пераадолець кола прасторы і часу, каб усё ўключыць у вечную таямніцу любові. Так, быццам хацелася сказаць, што не толькі ў гісторыі, але і навекі чалавек будзе заўсёды пад вокам міласэрнага Айца. Гэта невыпадкова, што народ Ізраэля ўключыў гэты псальм, «Вялікі Халель», як яго таксама называюць, у літургію найважнейшых святаў.

Перад сваёй мукаю Езус маліўся менавіта гэтым псальмам міласэрнасці. Сведчыць пра гэта евангеліст Мацвей, калі піша, што, «праспяваўшы гімн» (Мц 26, 30), Езус разам з вучнямі выйшаў у бок Гары Аліўнай. Тады, калі Езус устанаўліваў Эўхарыстыю як вечны ўспамін аб сабе і аб сваёй Пасхальнай ахвяры, Ён сімвалічна змясціў гэты найвышэйшы акт Аб’яўлення ў святле міласэрнасці. У гэтым жа вымярэнні міласэрнасці Езус прайшоў праз сваю муку і смерць, усведамляючы вялікую таямніцу любові, якая споўнілася на крыжы. Разуменне таго, што сам Езус маліўся гэтым псальмам, прычыняецца да таго, што для нас, хрысціянаў, ён з’яўляецца яшчэ больш важным і павінен стаць рэфрэнам нашай штодзённай малітвы праслаўлення: «Бо навекі Яго міласэрнасць».

8. Углядаючыся ў Езуса і ў Яго міласэрнае аблічча, мы можам спазнаць любоў Найсвяцейшай Тройцы. Місія, якую Езус атрымаў ад Айца, заключалася ў аб’яўленні паўнаты таямніцы Божай любові. «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8. 16), абвяшчае — першы і адзіны раз ва ўсім Святым Пісанні — Ян Евангеліст. Гэтая любоў стала магчымай, бачнай і рэальнай ва ўсім жыцці Езуса. Яго асоба — гэта сама любоў, любоў, якая даецца дарма. Адносіны Езуса з тымі, хто Яго акружаў, адзначаюцца чымсьці адметным і непаўторным. Знакі, якія здзяйсняе, перадусім у адносінах да грэшнікаў, убогіх, адкінутых, хворых і церпячых, выяўляюць міласэрнасць. Усё ў Ім кажа пра міласэрнасць. Нішто ў Ім не пазбаўлена спагады.

Езус, бачачы, што людзі, якія ішлі за Ім, змучаныя і стомленыя, збянтэжаныя і без правадыра, пачаў у глыбіні сэрца моцна спачуваць ім (пар. Мц 9, 36). Дзякуючы менавіта гэтай спачувальнай любові Ён аздараўляў хворых, якіх прыносілі да Яго (пар. Мц 14, 14), а таксама некалькімі хлябамі і рыбамі насыціў вялікі натоўп (пар. Мц 15, 37). Тым, што пабуджала Езуса ва ўсіх абставінах, было не што іншае, як міласэрнасць, якая дазваляла Яму чытаць сэрцы сваіх суразмоўцаў і адказваць на іх самыя важныя патрэбы. Калі сустрэў удаву з Наін, якая право­дзіла сына ў апошні шлях, Ён адчуў вялікае спачуванне да заплаканай маці, напоўненай вялікім болем, – і ўваскрасіў яе сына (пар. Лк 7, 15). Пасля вызвалення апанаванага злым духам у зямлі геразенаў Ён даручае яму наступную місію: «Раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою» (Мк 5, 19). Таксама пакліканне Мацвея ўпісваецца ў гэтае вымярэнне міласэрнасці. Калі Езус праходзіў каля мытні, Яго вочы сус­трэліся з вачыма Мацвея. Гэта быў поўны міласэрнасці позірк, які прабачыў грахі гэтаму чалавеку, а таксама, пераадольваючы супраціўленні вучняў, выбраў яго, грэшніка і мытніка, каб ён стаў адным з Дванаццаці. Св. Бэда Вялебны, каменціруючы гэтую сцэну з Евангелля, напісаў, што Езус паглядзеў на Мацвея з «міласэрнай любоўю і выбраў яго»: miserando atque eligendo[7]. Гэтыя словы заўсёды ўражвалі мяне, таму я выбраў іх для майго біскупскага дэвізу.

9. У прыпавесцях, прысвечаных міласэрнасці, Езус раскрывае сутнасць Бога як Айца, які ніколі не адступаецца, пакуль не пераможа грэх і адкінутасць спачуваннем і міласэр­насцю. Мы ведаем гэтую прыпавесць, а больш дакладна, тры: прыпа­весць пра заблукалую авечку, пра згубленую манету, а таксама пра айца і двух сыноў (пар. Лк 15, 1­32). У гэтых прыпавесцях Бог заўсёды выступае як той, хто поўны радасці перадусім тады, калі прабачае. Мы бачым у іх сутнасць Евангелля і нашай веры, бо міласэрнасць паказана як сіла, якая перамагае ўсё, якая напаўняе сэрца любоўю і суцяшае прабачэннем.

Іншая прыпавесць з’яўляецца для нас прыкладам хрысціянскага стылю нашага жыцця. Справакаваны пытаннем Пятра пра тое, колькі разоў трэба прабачаць, Езус адказаў: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22), і расказаў прыпавесць пра «бязлітаснага даўжніка». Даўжнік, пакліканы да караля, каб вярнуць яму вялізны доўг, умольвае яго на каленях, і кароль прабачае яму запазыча­насць. Аднак зараз жа той сустракае іншага слугу, такога, як ён, які павінен быў яму некалькі грошай. Слуга просіць яго на каленях зжаліцца, аднак той не саступае і кідае яго ў турму. Калі кароль пачуў пра гэта, вельмі разгневаўся, паклікаў да сябе бязлітаснага даўжніка і сказаў: «Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?» (Мц 18, 33). Езус закончыў: «Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму» (Мц 18, 35).

Гэтая прыпавесць утрымлівае глыбокую навуку для кожнага з нас. Езус сцвярджае, што міласэрнасць – гэта не толькі чын Айца, але крытэрый, які дазваляе зразумець, кім з’яўляюцца Яго сапраўдныя дзеці. Мы пакліканы жыць міласэрнасцю, бо гэта мы спачатку спазналі міласэрнасць. Прабачэнне знявагаў становіцца найбольш бачным праяўленнем міласэрнай любові, а для нас, хрысціянаў, з’яўляецца наказам, ад якога мы не можам ухіліцца. Наколькі цяжка часам прабачаць! Але ж прабачэнне з’яўляецца прыладай, якая знаходзіцца ў нашых слабых руках, каб мы маглі атрымаць спакой сэрца. Вызваленне ад крыўды, злосці, насілля і помсты – гэта неабходная ўмова шчаслівага жыцця. Таму прымем заахвочванне Апостала: «Няхай сонца не заходзіць у гневе вашым» (Эф 4, 26). Будзем слухаць перадусім словы Хрыста, які прадставіў міласэрнасць як ідэал жыцця і крытэрый праўдзівасці нашай веры: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Гэтае благаслаўленне павінна стаць для нас натхненнем у гэтым Святым Годзе.

Як можна заўважыць, міласэрнасць у Святым Пісанні з’яўляецца ключавым словам для азначэння дзейнасці Бога адносна нас. Ён не абмяжоўваецца дэкларацыяй сваёй любові, але выяўляе яе бачным і яўным чынам. Любоў, дарэчы, ніколі не можа быць абстрактным словам. Па сваёй сутнасці яна з’яўляецца канкрэтным жыццём: інтэнцыямі, паводзінамі, паставамі, якія выяўляюцца ў штодзённым жыцці. Міласэрнасць Бога – гэта Яго адказнасць за нас. Ён адчувае сябе адказным, гэта зна­чыць, жадае нам дабра і хоча, каб мы былі шчаслівыя, напоўненыя радасцю і спакоем. У гэтым самым напрамку павінна ісці міласэрная любоў хрысціянаў. Так, як любіць Айцец, павінны таксама любіць і дзеці. Як Ён з’яўляецца міласэрным, так і мы пакліканы быць міласэрнымі адзін да аднаго.

10. Архітравам, на які абапіраецца жыццё Касцёла, з’яўляецца міласэрнасць. Усё ў пастырскай дзейнасці Касцёла павінна быць прасякнута чуласцю, скіраванай да вернікаў; у тым, што ён абвяшчае і пра што сведчыць перад светам, не павінна неставаць міласэрнасці. Праўдзівасць Касцёла пацвярджаецца шляхам міласэрнай і спагадлівай любові. Касцёл жыве вялікім жаданнем удзяляць міласэрнасць[8]. Магчыма, мы занадта доўга забывалі паказваць шлях міласэрнасці і жыць ім. З аднаго боку, спакуса дамагацца толькі і заўсёды справядлівасці прычынілася да таго, што мы забылі, што гэта толькі першы крок, неабходны і непазбежны, але Касцёл павінен імкнуцца вышэй, каб дасягнуць больш узнёслай і больш значнай мэты. З другога боку, мы з сумам заўважаем, што досвед прабачэння ў нашай культуры становіцца ўсё больш рэдкім. Часам нам здаецца, што знікае ўжо само слова «прабачэнне». Аднак без сведчання прабачэння застаецца нам жыццё бясплённае і незмястоўнае, быццам бы мы жылі ў спустошаным і сумным месцы. Таму зноў прыйшоў для Касцёла час, каб з радасцю абвяшчаць прабачэнне. Гэта час вяртання да таго, што істотнае, каб адчуць адказнасць за слабасці і цяжкасці нашых братоў. Прабачэнне – гэта моц, што абуджае да новага жыцця і памнажае адвагу, каб з надзеяй гля­дзець у будучыню.

11. Мы не можам забыць пра вялікае навучанне, якое св. Ян Павел II прадставіў у сваёй другой энцыкліцы Dives in misericordia, якая ў той час была нечаканай і многіх здзівіла сваёй тэмай. Асабліва я хацеў бы нагадаць пра два аспекты гэтага навучання. Перадусім святы Папа падкрэсліў, што ў сучаснай культуры тэма міласэрнасці забытая: «Сучасны менталітэт, магчыма, больш за чалавека мінулага, супраціўляецца Богу міласэрнасці, а таксама імкнецца спіхнуць саму ідэю міласэрнасці на перыферыю жыцця і выкінуць яе з чалавечага сэрца. Само слова і паняцце «міласэрнасць» быццам бы перашкаджа­ла чалавеку, які праз нязнанае да гэтага часу развіццё навукі і тэхнікі больш, чым калі­небудзь у гісторыі, стаў гаспадаром і падпарадкаваў сабе зямлю (пар. Быц 1, 28). Гэтае «панаванне над зямлёй», якое часам разумеецца аднабакова і павярхоўна, быццам не пакінула месца для міласэрнасці. <...> Таму таксама многія людзі і асяродкі, кіруючыся жывым пачуццём веры, звяртаюцца як бы спантанна да Божай міласэрнасці ў сучаснай сітуацыі Касцёла і свету»[9].

Больш за тое, св. Ян Павел II так матываваў пільную неабходнасць абвяшчэння міласэрнасці і сведчання пра яе ў сучасным свеце: «[гэта прадыктавана] любоўю да чалавека і да ўсяго, што чалавечае, і што ў прадчуванні вельмі многіх сучаснікаў знаходзіцца ў вялікай небяспецы. Тая самая таямніца Хрыста <...> загадвае адначасова абвяшчаць міласэрнасць як міласэрную любоў Бога, якая аб’явілася ў таямніцы Хрыста. Яна загадвае таксама звяртацца да гэтай міласэрнасці, заклі­каць яе ў нашым цяжкім і пераломным этапе гісторыі Касцёла і свету <...>»[10]. Гэтае навучанне св. Яна Паўла II сёння вельмі актуальнае і заслугоўвае таго, каб нагадаць пра яго ў гэтым Святым Годзе. Паслухаем зноў яго словы: «Касцёл жыве сваім сапраўдным жыццём, калі вызнае і абвяшчае міласэрнасць — найцудоўнейшую рысу Стварыцеля і Адкупіцеля — і калі набліжае людзей да крыніц міласэрнасці Збаўцы, захавальнікам і распарадчыкам якіх ён з’яўляецца»[11].

12. Місія Касцёла – абвяшчэнне міласэрнасці Бога, жывога сэрца Евангелля, каб такім чынам дастукацца да сэрца і розуму кожнага чалавека. Абранніца Хрыста набывае аўчарню Божага Сына, які выходзіў насустрач усім, не абмінаючы нікога. У наш час, калі Касцёл удзельнічае ў новай евангелізацыі, тэма міласэрнасці павінна быць прадстаўлена нанова з новым запалам і праз адноўленую пастырскую дзейнасць. Гэта мае важнае значэнне для Касцёла, а таксама для праўдзівасці яго паслання, каб ён сам жыў і сведчыў пра яго праз міласэрнасць. Мова Касцёла і яго жэсты павінны пераказваць міласэрнасць, каб пранікнуць у сэрцы людзей і заахвоціць іх знаходзіць зваротную дарогу да Хрыста.

Першай праўдай Касцёла з’яўляецца любоў Хрыста. У гэтай любові, якая гатовая да прабачэння і дару з сябе, Касцёл з’яўляецца слугою і пасрэднікам перад людзьмі. Таму там, дзе прысутнічае Касцёл, павінна быць бачна таксама міласэрнасць Айца. У нашых парафіях, у нашых супольнасцях, таварыствах, рухах, дзе толькі ёсць хрысціяне, кожны павінен знайсці аазіс міласэрнасці.

13. Мы хочам жыць у гэтым Юбілейным Годзе ў святле слова Пана: Міласэрныя, як Айцец. Евангеліст цытуе наступнае навучанне Езуса: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Гэтая праграма жыцця наколькі цяжкая, настолькі і поўная радасці і спакою. Наказ Езуса скіраваны да тых, хто слухае Яго голас (пар. Лк 6, 27). Каб быць здольнымі да міла­сэрнасці, мы павінны спачатку ўслухацца ў Божае слова. Гэта значыць, трэба адкрыць нанова каштоўнасць цішыні, каб мець магчымасць разважаць над скіраванымі да нас словамі. Дзякуючы гэтаму стане магчымым сузіранне міласэрнасці Бога і прыняцце яе як уласнага стылю жыцця.

14. Пілігрымка – гэта асаблівы знак у Святым Годзе, бо яна з’яўляецца адлюстраваннем дарогі, якой ідзе кожны чалавек падчас свайго існавання. Жыццё – гэта пілігрымка, а чалавечая істота – гэта viator, пілігрым, які ідзе дарогаю аж да жаданай мэты. Для таго, каб дайсці да Святых Дзвярэй у Рыме і ў кожным іншым месцы, мы павінны вырушыць у пілігрымку, кожны паводле сваіх сілаў. Яна стане знакам таго, што таксама міласэрнасць ёсць мэтаю, якую мы павінны дасягнуць, якая патрабуе актыўнасці і ахвярнасці. Няхай пілігрымка стане штуршком да навяртання: праходзячы праз Святыя Дзверы, дазволім, каб нас ахінула Божая міласэрнасць, і паабяцаем, што будзем міласэрныя да іншых, як Айцец з’яўляецца міла­сэрным да нас.

Пан Езус указвае нам этапы пілігрымкі, якая дапаможа нам дасягнуць мэты: «Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і праба­чаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэ­сеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (Лк 6, 37­38). Перадусім Ён кажа, каб мы не судзілі і не асуджалі. Калі чалавек не хоча быць асуджаным праз Бога, не павінен станавіцца суддзёю свайго брата. Бо людзі ў сваім асуджэнні звычайна затрымліваюцца на паверхні, а Бог заглядае ў сэрца. Якую крыўду наносяць словы, сказаныя ў выніку пачуцця рэўнасці і зайздрасці! Дрэнныя словы пра брата, які адсутнічае, раўназначныя прадстаўленню яго ў кепскім святле. Яны прыносяць шкоду яго рэпутацыі і робяць яго ахвярай плётак. Не судзіць і не асу­джаць азначае таксама, у пазітыўным значэнні, уменне заўважыць дабро, якое ёсць у кожнай асобе, і не дазволіць, каб яна пацярпела з прычыны нашага прадузятага асуджэння i імкнення ўсё ведаць. Аднак гэтага яшчэ недастаткова для выяўлення міла­сэрнасці. Езус заклікае таксама да прабачэння і да давання. Мы павінны быць прыладамі міласэрнасці, бо мы першыя атрымалі яе ад Бога. Мы павінны быць шчодрымі для ўсіх, ведаючы, што таксама Бог велікадушна адорвае нас сваёй спагадлівасцю.

Міласэрныя, як Айцец – гэта дэвіз Святога Года. Міласэр­насць – гэта доказ таго, як любіць Бог. Ён дае ўсяго сябе, заўсёды, дарма, не просячы нічога ўзамен. Прыходзіць да нас з дапамогаю, калі мы Яго клічам. Гэта прыгожа, што штодзённая малітва Касцёла пачынаецца словамі: «Божа, прыйдзі мне на дапамогу. Пане, паспяшы да мяне на паратунак» (пар. Пс 70 [69], 2). Дапамога, аб якой просім, ужо з’яўляецца першым крокам Божай міласэрнасці ў наш бок. Ён прыходзіць вызва­ліць нас з сітуацыі слабасці, у якой мы жывём. Яго дапамога заключаецца ў тым, што мы заўважаем Яго прысутнасць і адчуваем Яго блізкасць. Дзень за днём, спазнаючы Яго спачуванне, мы таксама можам быць спагадлівымі да ўсіх.

15. У гэты Святы Год мы зможам адчуць адкрытасць сэрца для ўсіх тых, хто жыве на самых розных жыццёвых перыферыях, што часта драматычным чынам стварае сённяшні свет. Колькі сітуацый няўпэўненасці і цярпення ў сучасным свеце! Колькі ж ранаў на целе многіх людзей, якія ўжо не маюць голасу, бо іх крык аслабеў і заціх з прычыны абыякавасці багатых народаў. У гэты Юбілей Касцёл будзе яшчэ больш пакліканы залечваць тыя раны, намашчваць іх гаючым алеем, перавязваць іх міла­сэрнасцю, а таксама лячыць іх салідарнасцю і адпаведнай увагай. Не будзем паддавацца абыякавасці, якая прыніжае, прызвычаенасці, якая робіць нячулым дух і не дазваляе ўба­чыць новае, цынізму, які знішчае. Адкрыем нашыя вочы, каб заўва­жыць няшчасці свету, раны многіх братоў і сясцёр, па­збаўленых годнасці. Пачуем жа іх кліч аб дапамозе. Няхай нашыя далоні сціснуць іх далоні, прытулім іх да сябе, каб яны адчулі цеплыню нашай прысутнасці, сяброўства і братэрства. Няхай іхні заклік стане нашым, каб мы разам перамаглі перашкоду абыякавасці, за якой часта ха­ваецца крывадушша і эгаізм.

Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых.

Мы не можам уцячы ад слоў Пана, і паводле іх мы будзем асуджаны: ці мы накармілі галоднага, ці напаілі сасмаглага, ці прынялі падарожнага і апранулі нагіх, ці мелі час для хворага і вязня (пар. Мц 25, 31­45). Таксама спытаюцца ў нас, ці мы дапамаглі пераадолець сумненні, якія нараджаюць страх і становяцца прычынай самоты; ці змаглі мы перамагчы няведанне, у якім жывуць мільёны асобаў, перадусім дзеці, пазбаўленыя неабходнай дапамогі, каб вызваліцца з убоства; ці засведчылі блізкасць самотным і прыгнечаным; ці прабачылі таму, хто нас абражае, ці адкінулі ўсялякую форму крыўды і нянавісці, якая вядзе да насілля; ці былі мы цярплівыя па прыкладзе Бога, які з’яўляецца вельмі цярплівым да нас; і ўрэшце, ці даручалі мы Пану ў малітве нашых братоў і сясцёр. У кожным з гэтых «найменшых» прысутнічае сам Хрыстус. Яго цела зноў становіцца бачным у змучаных, параненых, бічаваных, галодных, бежанцах..., каб мы маглі Яго распазнаць, дакрануцца і клапатліва Яму дапамагчы. Будзем памятаць словы св. Яна ад Крыжа: «Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові»[12].

16. У Евангеллі паводле св. Лукі мы знаходзім яшчэ іншы важны элемент, які заахвочвае нас з вераю пражыць Юбілей. Евангеліст кажа, што аднойчы Езус у шабат вярнуўся ў Назарэт і, паводле звычаю, пайшоў у сінагогу. Там таксама папрасілі Яго прачытаць фрагмент Святога Пісання і пракаменціраваць яго. Выбраны фрагмент быў з Кнігі прарока Ісаі, дзе было напісана: «Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім. Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана» (Іс 61, 1­2). «Год ласкі» — год міласэрнасці. Менавіта гэта абвяшчае нам Пан і мы прагнем гэтым жыць. Гэты Святы Год нясе багацце місіі Езуса, якое рэхам гучыць у словах прарока: несці слова і суцяшэнне бедным, абвяшчаць вызваленне тым, хто зняволены новымі формамі няволі ў сучасным грамадстве, вяртаць зрок таму, хто не ба­чыць, бо сканцэнтраваны на сабе, вяртаць годнасць тым, хто пазбаў­лены яе. Прапаведаванне Езуса становіцца нанова бачным у адказах веры, якія хрысціяне павінны даваць праз асабістае сведчанне. Няхай спадарожнічаюць нам словы Апостала: «...калі міласэрнасць — то павінен чыніць гэта з радасцю» (Рым 12, 8).

17. Няхай Вялікі пост у Юбілейным Годзе будзе пражыты яшчэ больш інтэнсіўна, як важны момант, каб цэлебра­ваць міласэрнасць Бога і спазнаваць яе. Над многімі старонкамі Святога Пісання можна разважаць падчас тыдняў Вялікага посту, каб нанова адкрыць міласэрнае аблічча Айца! Мы таксама можам сказаць словамі прарока Міхея: «Які ёсць Бог, падобны да Цябе, які прабачае беззаконні і даруе правіны рэшты спадчыны сваёй? Ён не захоўвае навекі гнеў свой, бо ў міласэрнасці ўпадабанне Яго. Ён зноў злітуецца над намі, сатрэ нашыя беззаконні і кіне ў марскія глыбіні ўсе нашыя грахі» (пар. 7, 18­19).

У гэты час малітвы, посту і ўчынкаў любові можна будзе разважаць над старонкамі Кнігі прарока Ісаі яшчэ больш канкрэтна: «Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў; каб апрануць голага, калі ўбачыш, і ад роднага свайго не хавацца? Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць — і Пан выслухае, папросіш дапамогі — і Ён адкажа: “Вось Я”. Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць несправядліва, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень. Пан будзе заўсёды вадзіць цябе, і натоліць душу тваю ў час засухі, і ўмацуе твае косткі. Ты будзеш, як арошаны сад і як невычарпальная крыніца вады» (58, 6­11).

Ініцыятыва «24 гадзіны для Пана», якая праводзіцца ў пятніцу і ў суботу перад IV нядзеляй Вялікага посту, павінна пашырыцца ў дыяцэзіях. Многія людзі зноў змогуць скарыстаць з сакрамэнту паяднання, а сярод іх шмат мола­дзі. Праз гэта яны часта знаходзяць шлях вяртання да Пана, да гарачай малітвы, а таксама знаходзяць сэнс свайго жыцця. З перакананнем зноў паставім у цэнтры сакрамэнт паяднання, бо ён дапамагае нам рэальна пераканацца ў велічы міласэрнасці. Гэта стане для кожнага пэнітэнта крыніцай сапраўднага ўнутранага спакою.

Я нястомна заўсёды буду паўтараць, што спаведнікі павінны быць сапраўдным знакам міласэрнасці Айца. Нельга быць выпадковым спаведніком. Спаведнікамі мы становімся перадусім тады, калі ў першую чаргу самі як пэнітэнты шукаем прабачэння. Не будзем ніколі забываць, што быць спаведні­ком – значыць мець удзел у місіі самога Езуса і быць канкрэтным знакам нязменнай Божай любові, якая прабачае і збаўляе. Кожны з нас атрымаў ад Духа Святога дар прабачэння грахоў, і за гэта мы адказваем. Ніхто з нас не з’яўляецца гаспадаром сакрамэнту, але верным слугою Божага прабачэння. Кожны спаведнік павінен прымаць вернікаў, як айцец з прыпавесці пра блуднага сына: айцец, які выбягае насустрач сыну, хоць той растраціў яго ўласнасць. Спаведнікі павінны абняць сына, які раскаяўся, які вяртаецца дадому, і выказаць радасць з прычыны таго, што ён знайшоўся. Няхай яны нястомна ідуць таксама да другога сына, які застаўся звонку і не змог радавацца, каб растлумачыць яму, што яго суровы суд несправядлівы і не мае сэнсу перад айцоўскай міласэрнасцю, якая не мае межаў. Няхай не задаюць лішніх пытанняў, але, як айцец з прыпавесці, перапыняць падрыхтаваную мову блуднага сына, бо змо­гуць заўважыць у сэрцы кожнага пэнітэнта просьбу аб дапамозе і аб прабачэнні. Адным словам, спаведнікі пакліканы заўсёды і ўсюды, у кожнай сітуацыі і нягледзячы на ўсё быць знакам перавагі міласэрнасці.

18. Падчас Вялікага посту ў гэтым Святым Годзе я маю намер выслаць місіянераў міласэрнасці. Яны будуць знакам матчынага клопату Касцёла аб Божым народзе, каб ён увайшоў у глыбіню багацця гэтай таямніцы, настолькі фундаментальнай для нашай веры. Гэта будуць святары, якім я ўдзялю ўладу прабачэння грахоў, зарэзерваваных для Апостальскай Сталіцы, каб падкрэсліць веліч іх паслання. Яны перадусім будуць жывым знакам таго, што Айцец прытуляе тых, хто імкнецца атрымаць Яго прабачэнне. Яны будуць місіянерамі міласэрнасці, бо аблегчаць усім сустрэчу, багатую на чалавечнасць, адкрыюць крыніцу вызвалення, багатую на адказнасць за пераадоленне цяжкасцяў і вяртання да новага жыцця, атрыманага ў хросце. У гэтай місіі спадарожнічаць ім будуць словы Апостала: «Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць!» (Рым 11, 32). Бо ўсе без выключэння пакліканы прыняць гэты заклік да міласэрнасці. Няхай місіянеры жывуць гэтым заклікам, ведаючы, што могуць затрымаць свой позірк у Езусе, міласэрным і верным першасвятары (пар. Гбр 2, 17). Прашу сабратоў біскупаў запрашаць і прымаць гэтых місіянераў, каб яны былі перадусім пераканаўчымі прапаведнікамі міласэрнасці. Арганізуйце ў дыяцэзіях «народныя місіі», каб гэтыя місіянеры сталі вестунамі радасці і прабачэння. Няхай удзяляюць сакрамэнт паяднання людзям, каб час ласкі, дадзены ў гэтым Юбілейным Годзе, дазволіў многім сынам, якія знаходзяцца здалёк, адшукаць дарогу да айцоўскага дому. Няхай пастыры, асабліва ў адмысловы час, якім з’яўляецца Вялікі пост, з клопатам за­ахвочваюць вернікаў вярнуцца «да трона ласкі, каб мы спазналі міласэрнасць і знайшлі ласку» (Гбр 4, 16).

19. Слова прабачэння няхай дойдзе да ўсіх, а заклік адкрыцца на міласэрнасць няхай не пакіне нікога абыякавым. Сваё запрашэнне да навяртання я кірую з яшчэ большай сілаю да тых асобаў, якія знаходзяцца далёка ад ласкі Бога з прычыны спосабу іхняга жыцця. Асабліва маю на ўвазе тых мужчын і жанчын, якія належаць да розных злачынных груп. Дзеля вашага дабра прашу вас змяніць жыццё. Прашу вас у імя Божага Сына, які, хоць і змагаўся з грахом, ніколі не адкідваў ніводнага грэшніка. Не трапляйце ў страшную пастку, якая заключаецца ў перакананні, што жыццё залежыць ад грошай і што перад імі ўсё іншае пазбаўлена каштоўнасці і годнасці. Гэта толькі ілюзія. Мы не забяром з сабою грошай у вечнасць. Грошы не даюць нам сапраўднай радасці. Насілле, якое выкарыстоўваецца для здабычы грошай, залітых крывёю, не робіць чалавека ні моцным, ні несмяротным. Для ўсіх раней ці пазней настане Божы суд, ад якога ніхто не зможа ўцячы.

Няхай гэты самы заклік дасягне асобаў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць або маюць агульную адказнасць за карупцыю. Гэтая гніючая рана грамадства з’яўляецца цяжкім грахом, які ўсклікае да неба, бо знішчае фундаменты асабістага і грамадскага жыцця. Карупцыя не дазваляе глядзець з надзеяй у будучыню, бо ў сваёй бязлітаснасці і сквапнасці знішчае праекты слабых і ўціскае самых бедных. Карупцыя – гэта зло, якое караніцца ў штодзённасці, а пасля разрастаецца ў публічных скандалах. Карупцыя – гэта ўпартае трыванне ў граху, які хоча замяніць Бога ілюзіяй грошай як формай улады. Гэта справа цемры, падтрыманая падазронасцю і інтрыгамі. «Corruptio optimi pessima (калі найлепшае разбэшчваецца, становіцца найгоршым)», — справядліва казаў св. Грыгорый Вялікі, падкрэс­ліваючы, што ніхто не можа выстаяць перад гэтай спакусай. Каб выда­ліць яе з асабістага і грамадскага жыцця, неабходна развага, чуй­насць, лаяльнасць, празрыстасць, спалучаная з адважнай інфармацыяй. Калі чалавек адкрыта не змагаецца з карупцыяй, раней ці пазней становіцца яе супольнікам і знішчае сваё існаванне.

Гэта менавіта адпаведны момант для змены жыцця! Гэта час, каб дазволіць узварухнуць свае сэрцы. Перад абліччам учыненага зла, асабліва ў выпадку цяжкіх злачынстваў, надышоў час пачуць плач нявінных асобаў, абрабаваных з грошай, годнасці, пачуццяў, самога жыцця. Трыванне на шляху зла ёсць толькі крыніцаю ілюзіі і суму. Сапраўднае жыццё зусім іншае. Бог не стамляецца працягваць руку. Ён заўсёды гатовы выслу­хаць, і я таксама гатовы, так як і мае браты біскупы і прэзбітэры. Дастаткова толькі прыняць заахвочванне да навяртання і падпарадкавацца справядлівасці ў той час, калі Касцёл прапануе міласэрнасць.

20. У гэтым кантэксце будзе карысным апісаць сувязь паміж справядлівасцю і міласэрнасцю. Гэта не два супрацьлеглыя аспекты, але два вымярэнні той самай рэчаіснасці, якая паступова развіваецца і дасягае сваёй кульмінацыі ў паўнаце любові. Справядлівасць – гэта асноўная канцэпцыя для грамадзянскай супольнасці, калі звычайна пунктам аднясення з’яўляецца юрыдычны парадак, згодна з якім прымяняюцца нормы. Справядлівасць заключаецца таксама ў тым, што кожнаму трэба аддаць тое, што яму належыць. Біблія шматразова кажа пра Божую справядлівасць і пра Бога як Суддзю. У біблійным ра­зуменні справядлівасць – гэта інтэгральнае захаванне Закону і пастава кожнага добрага ізраэльцяніна, згодная з запаведзямі, дадзенымі Богам. Аднак гэтая візія прыводзіла, і неаднойчы, да законнасці, якая скажае першасны сэнс і закрывае глыбокую каштоўнасць справядлівасці. Для пераадолення перспектывы законнасці трэба памятаць, што ў Святым Пісанні справядлі­васць разумеецца ў асноўным як поўнае даверу абапіранне на волі Бога.

У сваю чаргу Езус часцей кажа пра значэнне веры, чым пра захаванне Закону. Менавіта так мы павінны разумець Ягоныя словы, калі будучы за сталом з Мацвеем і іншымі мытнікамі і грэшнікамі, Ён кажа фарысеям, якія спрачаліся з Ім: «Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў» (Мц 9, 13). Сутыкнуўшыся з перспектывай справядлівасці, што заключаецца толькі ў захаванні Закону, які асуджае, па­дзяляючы асобы на справядлівых і грэшнікаў, Езус хоча паказаць вялікі дар міласэрнасці, якая шукае грэшнікаў, каб удзя­ліць ім прабачэнне і збаўленне. Становіцца зразумелым, чаму з прычыны свайго бачання, якое вызваляе і становіцца крыніцай аднаўлення, Езус быў адкінуты фарысеямі і знаўцамі Пісання. Яны, каб захаваць вернасць Закону, толькі ўскладалі цяжар на плечы людзей, знішчаючы аднак міласэрнасць Айца. Заклік да захавання Закону не можа перашкаджаць звяртаць увагу на патрэбы, звязаныя з годнасцю асобаў.

Словы Езуса, якія паходзяць ад прарока Осіі — «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (6, 6) — маюць вялікае значэнне ў гэтым кантэксце. Езус пацвярджае, што з гэтага часу правілы жыцця Яго вучняў будуць абапірацца на першынстве міласэрнасці, як сам пра гэта сведчыць, дзелячыся ежай з грэшнікамі. Міласэрнасць яшчэ раз аб’яўляецца як асноўнае вымярэнне місіі Езуса. Гэта сапраўдны выклік для Яго суразмоўцаў, якія спыніліся на фармальным аспекце Закону. Аднак Езус выходзіць па­за Закон; тое, што Ён дзеліцца з тымі, каго Закон лічыў грэшнікамі, дазваляе зразумець глыбіню Яго міласэрнасці.

Апостал Павел таксама прайшоў падобны шлях. Перш чым сустрэў Хрыста па дарозе ў Дамаск, яго жыццё было цалкам прысвечана ўстанаўленню справядлівасці паводле Закону (пар. Флм 3, 6). Зварот да Хрыста прывёў Паўла да такой змены бачання, што ў Пасланні да Галатаў ён напісаў: «Мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз захаванне Закону» (2, 16). Яго разуменне справядлівасці радыкальна змянілася. Цяпер на першым месцы Павел ставіць веру, а не Закон. Гэта не захаванне Закону збаўляе, але вера ў Езуса Хрыста, які праз сваю муку і ўваскрасенне нясе збаўленне ра­зам з міласэрнасцю, якая апраўдвае. Справядлівасць Бога становіцца вызваленнем для тых, хто знаходзіцца ў няволі граху і ўсіх яго наступстваў. Божай справядлівасцю з’яўляецца Яго прабачэнне (пар. Пс 51 [50], 11­16).

21. Міласэрнасць не супярэчыць справядлівасці, але выяўляе паводзіны Бога адносна грэшніка, прапануючы яму яшчэ адну магчымасць пакаяння, навяртання і веры. Досвед прарока Осіі дапамагае нам зразумець, што міласэрнасць пераўзыходзіць справядлівасць. Час, калі жыў гэты прарок, з’яўляецца найбольш драматычным у гісторыі народу Ізраэля. Каралеўства блізкае да знішчэння; народ не захаваў вернасць запавету, адышоў ад Бога і страціў веру айцоў. Паводле людскога разумення Бог справядліва можа жадаць адкінуць няверны народ, бо ён не захоўваў запавету, таму заслугоўвае на належнае пакаранне, а значыць, выгнанне. Пра гэта сведчаць словы прарока: «Ён не вернецца ў зямлю егіпецкую, Ашур будзе яго каралём, бо не хацеў навярнуцца» (Ос 11, 5). Аднак пасля гэтай рэакцыі, якая звяртаецца да справядлівасці, прарок радыкальна змяняе сваю мову і паказвае сапраўднае аблічча Бога: «Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё, і распаліўся жаль Мой. Не ўчыню паводле палаючага гневу Майго і не буду знішчаць больш Эфраіма, бо Я – Бог, а не чалавек, Святы сярод цябе, Я не прыходжу, каб знішчаць» (Ос 11, 8­9). Св. Аўгустын, каменціруючы словы прарока, кажа: «Богу лягчэй стрымаць гнеў, чым міласэр­насць»[13]. Менавіта так. Гнеў Бога трывае толькі хвіліну, а Яго міласэрнасць трывае вечна.

Калі б Бог абмежаваўся справядлівасцю, Ён перастаў бы быць Богам і быў бы як усе людзі, якія патрабуюць захавання закону. Адной справядлівасці недастаткова, а досвед вучыць, што зварот толькі да яе звязаны з рызыкай яе знішчэння. Таму міласэрнасцю і прабачэннем Бог узвышаецца над справядлівас­цю. Гэта не азначае, што справядлівасць змяншаецца або становіцца лішняй, наадварот. Той, хто блукае, павінен быць пакараным. Але гэта не апошняе слова, а пачатак навяртання, бо праз гэта спазнаецца прабачэнне. Бог не адкідае справядлівасці. Ён змяшчае яе i пераўзыходзіць у яшчэ большым выдарэнні, калі спазнаецца любоў, якая з’яўляецца фундаментам сапраўднай справядлівасці. Мы павінны прысвяціць шмат увагі таму, што піша Павел, каб не трапіць у тую самую памылку, за якую Апостал папракае сучасных яму габрэяў: «Не разумеючы Божай справядлівасці і шукаючы ўласнай справядлівасці, яны не падпарадкаваліся Божай справядлівасці. Вяршыняй жа Закону ёсць Хрыстус дзеля апраўдання кожнага, хто верыць» (Рым 10, 3­4). Гэтая Божая справядлівасць — гэта міласэрнасць, ахвяраваная ўсім як ласка ў выніку смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Таму Крыж Хрыста з’яўляецца судом Бога над усімі намі і над светам, бо дае нам упэўненасць у любові і ў новым жыцці.

22. З Юбілеем звязаны таксама адпуст. У Святы Год Міласэр­насці адпуст набывае асаблівае значэнне. Прабачэнне нашых грахоў Богам не мае межаў. Праз смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста Бог паказвае сваю любоў, якая дасягае знішчэння чалавечага граху. Паяднанне з Богам становіцца магчымым дзякуючы Пасхальнай таямніцы і пасрэдніцтву Касцёла. Таму Бог заўсёды гатовы прабачыць і ніколі не стамляецца, і робіць гэта заўсёды новым і нечаканым чынам. Аднак мы ўсе спазнаем грэх. Мы ведаем, што пакліканы да дасканаласці (пар. Мц 5, 48), але адчуваем моцны цяжар граху. Прызнаючы моц ласкі, якая нас перамяняе, мы спазнаем таксама моц граху, якая на нас уплывае. Акрамя прабачэння ў нашым жыцці застаюцца супярэчнасці, якія з’яўляюцца наступствам нашых грахоў. У сакрамэнце паяднання Бог прабачае грахі і сапраўды іх знішчае, аднак негатыўны след граху ў нашых паводзінах і ў нашых думках застаецца. Але Божая міласэрнасць мацнейшая таксама за гэта. Яна становіцца адпустам Айца, які праз Касцёл — Абранніцу Хрыста — дасягае грэшніка, якому ўжо ўдзяліў прабачэнне, і вызваляе яго ад якіх­небудзь іншых наступстваў граху, дазваляючы яму дзейнічаць з любоўю, замест таго, каб зноў трапіць у грэх.

Касцёл жыве сумоўем святых. У Эўхарыстыі гэтая ед­насць, што з’яўляецца дарам Бога, выяўляецца як духоўная еднасць, якая лучыць нас, веруючых, з незлічонай колькасцю святых і благаслаўлёных (пар. Ап 7, 4). Іх святасць прыхо­дзіць з дапамогай нашай слабасці, а праз гэта Маці Касцёл можа ў сваёй малітве і жыцці выходзіць насустрач слабасці адных святасцю другіх. Таму жыць адпустам Святога Года азначае гля­дзець на міласэрнасць Айца з упэўненасцю, што Яго прабачэнне ахоп­лівае ўсё жыццё веруючага чалавека. Адпуст — гэта досвед святасці Касцёла, які ўдзельнічае ва ўсіх дабрадзействах, што выплываюць з адкуплення Хрыста, каб прабачэнне пашырылася да скрайнасці, на якую гатовая любоў Бога. Будзем жа інтэнсіўна жыць Юбілеем, просячы Айца аб прабачэнні грахоў і аб удзяленні свайго міласэрнага адпусту.

23. Міласэрнасць пераўзыходзіць межы Касцёла. Яна лу­чыць нас з юдаізмам і ісламам, якія лічаць міласэрнасць адной з самых істотных рысаў Бога. Ізраэль першым атрымаў гэтае абяўленне, якое трывае ў гісторыі як пачатак нязмернага багацця, якім трэба дзяліцца з чалавецтвам. Як мы бачылі, старонкі Старога Запавету прасякнуты міласэрнасцю, бо расказваюць пра справы, якія Пан здзейсніў для свайго народу ў самыя цяжкія моманты яго гісторыі. Іслам са свайго боку сярод імёнаў, якія прыпісвае Стварыцелю, асабліва падкрэслівае два: Міласэрны і Літасцівы. Гэты заклік часта з’яўляецца на вуснах верных мусульманаў, якія адчуваюць блізкасць і падтрымку міласэрнасці ў сваіх штодзённых слабасцях. Яны таксама вераць, што ніхто не можа абмежаваць Божай міласэрнаці, бо яе брамы заўсёды застаюцца адчыненымі.

Няхай гэты Юбілейны Год, пражыты ў міласэрнасці, палегчыць сустрэчу з гэтымі рэлігіямі, а таксама з іншымі годнымі рэлігійнымі традыцыямі; няхай учыніць нас больш адкрытымі на дыялог, каб мы лепш узаемна пазналі сябе і зразумелі; няхай ліквідуе ўсялякія формы замкнёнасці і пагарды і адкіне ўсялякае насілле і дыскрымінацыю.

24. Думкамі цяпер імкнуся да Маці Міласэрнасці. Няхай Яе салодкі позірк спадарожнічае нам у гэтым Святым Годзе, каб усе мы змаглі спазнаць радасць ад чуласці Бога. Ніхто так, як Марыя, не пазнаў глыбіні таямніцы Бога, які стаўся чалавекам. Усё ў Яе жыцці было прасякнута прысутнасцю міласэрнасці, якая сталася целам. Маці Укрыжаванага і Уваскрослага ўвайшла ў санктуарый Божай міласэрнасці, бо духоўна ўдзельнічала ў таямніцы Яго любові.

Абраная на Маці Божага Сына, Марыя заўсёды была пад­рыхтаваная любоўю Айца, каб стаць Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі. Яна захавала ў сваім сэрцы Божую міласэрнасць у дасканалай гармоніі са сваім Сынам Езусам. Словы Яе хвалебнага спеву, што прагучалі на парозе дома св. Альжбеты, былі прысвечаны міласэрнасці, якая распасціраецца «з пакалення ў пакаленне» (Лк 1, 50). Таксама і пра нас была мова ў гэтых прароцкіх словах Дзевы Марыі. Няхай гэта стане нашым суцяшэннем і падтрымкаю, калі мы будзем праходзіць праз Святыя Дзверы, каб спазнаць плён Божай міласэрнасці.

Пад крыжам Марыя разам з Янам, вучнем любові, была сведкаю слоў прабачэння, якія прагучалі з вуснаў Езуса. Найвышэйшы акт прабачэння таму, хто Яго ўкрыжаваў, паказвае нам, як далёка можа сягаць Божая міласэрнасць. Марыя пацвярджае, што міласэрнасць Божага Сына не ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэння. Мы звяртаемся да Яе словамі старажытнай і адначасова ўсцяж новай малітвы Salve Regina (Вітай, Каралева), просячы, каб Яна ніколі не перастала звяртаць на нас свой міласэрны позірк і ўчыніла нас годнымі сузіраць аблічча міласэрнасці — Яе Сына Езуса.

Няхай нашая малітва ахопіць таксама многіх святых і бла­гаслаўлёных, якія ўчынілі з міласэрнасці місію свайго жыцця. Асабліва звяртаюся ў думках да вялікай апосталкі міласэрнасці, св. Фаўстыны Кавальскай. Тая, якой было дадзена ўвайсці ў глыбіню Божай міласэрнасці, няхай заступаецца за нас і выпрасіць для нас ласку, каб мы заўсёды жылі ў святле Божага прабачэння, а таксама ў непарушнай надзеі на Яго любоў.

25. Надзвычайны Святы Год ёсць для таго, каб мы ў штодзённасці жылі міласэрнасцю, якую заўсёды нам прапануе Айцец. У гэты Юбілей дазволім Богу здзівіць нас. Ён нястомна адчыняе дзверы свайго сэрца, каб паўтараць, што нас любіць і хоча дзяліць з намі сваё жыццё. Касцёл вельмі моцна адчувае пільную патрэбу абвяшчаць міласэрнасць Бога. Яго жыццё з’яўляецца сапраўдным і праўдзівым, калі ён чыніць міласэрнасць сваім пераканаўчым пасланнем. Касцёл ведае, што яго першае заданне, перадусім у дадзены момант, поўны вялікіх надзей і моцных супярэчнасцяў, заключаецца ва ўвядзенні ўсіх у вялікую таямніцу міласэрнасці Бога праз сузіранне аблічча Хрыста. Касцёл першым пакліканы да таго, каб стаць верным сведкам міласэр­насці, вызнаючы яе і жывучы ёй як сутнасцю аб’яўлення Езуса Хрыста. З сэрца Найсвяцейшай Тройцы, з глыбіні таямніцы Бога б’е і няспынна выплывае вялікая рака міласэрнасці. Гэтая крыніца ніколі не можа высахнуць, хоць многія будуць чэрпаць з яе. Кожны раз, калі хтосьці будзе патрабаваць яе, зможа мець доступ да яе, бо міласэрнасць Бога не мае канца. Наколькі неспасцігальнымі з’яўляюцца глыбіні таямніцы, заключанай у ёй, настолькі невычэрпным ёсць багацце, якое яна нараджае.

Няхай у гэтым Юбілейным Годзе Касцёл стане рэхам Слова Бога, якое моцна і пераканаўча гучыць як слова і жэст прабачэння, падтрымкі, дапамогі, любові. Няхай ніколі ён не стамляецца прапаноўваць міласэрнасць і няхай заўсёды цярпліва падмацоўвае і прабачае. Няхай Касцёл стане голасам кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, няхай паўтарае з на­дзеяй і няспынна: «Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку» (Пс 25 [24], 6).

У Рыме, у святога Пятра, 11 красавіка, у вігілію II Велікоднай нядзелі, Свята Божай Міласэрнасці, Года Панскага 2015, у трэці год майго Пантыфікату.

Францішак

 
 
[1]   Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя Dei verbum, 4.

[2]   Ян XXIII, Прамова з нагоды ўрачыстага адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору Gaudet Mater Ecclesia, 11 X 1962, 2­3.

[3]   Апошняя публічная сесія ІІ Ватыканскага Сабору, Прамова Святога Айца Паўла VI, 7 снежня 1965.

[4] Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, 16; Пастырская канстытуцыя Gaudium et spes, 15.

[5]   Тамаш Аквінскі, Summa Theologicа, II­II, q. 30, a. 4.

[6] Імшальная калекта з XXVI Звычайнай нядзелі. Гэтая калекта ўжо ў VIII ст. была змешчана ў эўхарыстычных тэкстах Сакрамэнтарыя Гелазія (1198).

[7]   Пар. Бэда Вялебны, Гамілія 21: ССL 122, 149­151.

[8]   Пар. Францішак, Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 24.

[9]   Ян Павел II, Энцыкліка Dives in misericordia, 2.

[10]  Тамсама, 15.

[11]  Тамсама, 13.

[12]  Ян ад Крыжа, Слова святла і любові, 57; Аўгустын з Гіпоны, Enarrationes in Psalmos 76, 11.

[13]  Аўгустын з Гіпоны, Enarrationes in Psalmos 76, 11.

 

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana